2016-03-20 13:48:00

Папа перадаў аліўкавыя галінкі гаспадарам СДМ-2016


Аліўкавыя галінкі з Іерусаліма, Асізі і Монтэ-Касіна папа Францішак перадаў праз маладых валанцёраў з Польшчы ў Кракаў – менавіта тут у ліпені 2016 г. пройдуць Сусветныя дні моладзі – для прадстаўнікоў мясцовых уладаў. Гэта адбылося 20 сакавіка 2016 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

У сваіх разважаннях Пантыфік нагадаў, што ў Пальмовую Нядзелю адзначаецца 31-ы Сусветны дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні, а яго кульмінацыяй стане кракаўская сустрэча. Ён выказаў надзею на тое, што ў гістарычную сталіцу Польшчы прыедуць шматлікія маладыя людзі з усяго свету.

“Асаблівае прывітанне я кірую да вас, маладыя людзі, прысутныя тут, і кірую яго да ўсіх маладых людзей у свеце. Спадзяюся, што вы будзеце мець магчымасць прыбыць у вялікай колькасці ў Кракаў – на радзіму Яна Паўла II, ініцыятара Сусветных дзён моладзі. Яго заступніцтву мы даручаем апошнія месяцы падрыхтоўкі да гэтай пілігрымкі, якая – у рамках Святога Года Міласэрнасці – стане Юбілеем Моладзі на ўзроўні Паўсюднага Касцёла”, - сказаў Пантыфік.

Сусветныя дні моладзі пройдуць у Кракаве 26-31 ліпеня 2016 г. На галоўных мерапрыемствах форуму арганізатары чакаюць да 2,5 млн. пілігрымаў. Для ўдзелу ў ім прыбудзе папа Францішак. Чакаецца, што з Беларусі прыедзе некалькі тысяч маладых людзей. Польскае Міністэрства Замежных Спраў выйшла насустрач арганізатарам Сусветных дзён і заявіла аб візавых спрашчэннях для пілігрымаў з-за мяжы. 








All the contents on this site are copyrighted ©.