2016-03-20 14:37:00

Кардынал Паралін заклікаў македонцаў дапамагаць бежанцам


Драма мігрантаў займала цэнтральнае месца падчас трохдзённага візіту Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы, кардыныла Пьетра Параліна ў Былую Югаслаўскую Рэспубліку Македонія. Ён завяршыўся 19 сакавіка 2016 г. Галоўны ватыканскі дыпламат размаўляў пра гэта з мясцовымі іерархамі і вышэйшым кіраўніцтвам краіны.

Кардынал адзначыў, што Еўропа патрабуе ў гэтым пытанні больш мужнасці і салідарнасці і менш індывідуалізму. Ён падкрэсліў, што не можна пакінуць без дапамогі краіны, якія знаходзяцца на пярэднім краі прыбыцця мігрантаў. “Мы павінны адчуваць, наколькім прыніжаючым для іх з’яўляецца закрыццё дзвярэй, як быццам гуманітарнае права, якое з такімі намаганнямі было заваёвана Еўропай, перастала існаваць”, - сказаў госць з Ватыкана. Як вядома, Македонія закрыла свае межы для бежанцаў без дакументаў.

“Для таго, каб вырашыць крызіс мігрантаў, варта глядзець на іх як на людзей, якія перажываюць нястачу, як на жанчын, дзяцей і старых, якія маюць патрэбу ў дапамозе”, - адзначыў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі пасля размовы з прэм’ер-міністрам Эмілам Дзімітрыевым. Для дасягнення гуманітарнага і справядлівага рашэння, неабходны дыялог з краінамі паходжання ўцекачоў, а таксама тымі, праз якія яны праходзяць, і ў якія накіроўваюцца.

На св. Імшы ў катэдральным касцёле ў Скоп’е кардынал Паралін падзякаваў македонскай каталіцкай супольнасці, якая налічвае толькі 20 тыс. вернікаў. Ён назваў яе жывой і дынамічнай, і заахвоціў да працягу экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу. Іерарх падзякаваў таксама ўсім македонцам за іх стаўленне братэрства, якое пераўзыходзіць усе культурныя і рэлігійныя бар’еры. У прыклад ён паставіў благаслаўлёную Маці Тэрэзу, якая нарадзілася ў Скоп’е. 

Падчас свайго візіту кардынал Дзяржсакратар наведаў адзін з размешчаных у Македоніі лагераў для бежанцаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.