2016-03-19 12:05:00

Тысячы кветак дастаўлены на ватыканскую плошчу


Кветачным аздабленнем тэрыторыі вакол абеліску на плошчы св. Пятра і фасаду ватыканскай базылікі, дзе 20 сакавіка 2016 г. пройдзе літургія Пальмовай Нядзелі і традыцыйнае благаслаўленне пальмовых і аліўкавых галінак, будзе займацца італьянская фірма “Riviera dei Fiori”, пад кіраўніцтвам фларыста Даніэлы Кану. Для гэтай мэты будзе выкарыстана каля 10 тыс. раслінаў, каля 500 кілаграмаў “зеляніны” з рэгіёна Лігурыя і 7 тыс. кветак. Каля 30 тыс. аліўкавых галінак будзе раздадзена вернікам, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Губернатарата Дзяржавы Ватыкан.

Згодна са шматгадовай традыцыяй кансорцыум “Il Cammino”, прадставіць для літургіі каля 2300 пляцённых “пальмаў” – так званых “пальмурэлі”. Іх звычайна трымаюць у руках Папа і ватыканскія іерархі.

У адпаведнасці з іншай, амаль трыццацігадовай традыцыяй, тысячы кветак і раслінаў для аздаблення плошчы св. Пятра з нагоды Пасхальнай літургіі і благаслаўлення “Urbi et Orbi”, прыбудуць з Галандыі. Адказным за дэкараванне ватыканскай плошчы ў апошні раз будзе галандскі фларыст Карл ван дэр Вурт. Пасля пятнаццаці гадоў працы пры аздабленні ватыканскай плошчы яго заменіць іншы спецыяліст: Паўл Дэкерс.

Калі велікодныя ўрачыстасці будуць завершаны, расліны і кветкі высадзяць у Ватыканскіх садах. Частка з іх таксама будзе размеркавана паміж папскімі калегіўмамі і іншымі структурамі.

Дапамогай пры кветачным аздабленні ватыканскіх урачыстасцяў будзе займацца садовая служба Губернатарата, якая складаецца з амаль 30 чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.