2016-03-18 14:40:00

Святы Айцец сустрэўся з членамі Неакатэхуменальнага шляху


18 сакавіка 2016 г. папа Францішак сустрэўся ў Ватыкане з удзельнікамі Неакатэхуменальнага шляху – каталіцкага руху, які аб’ядноўвае тысячы вернікаў з розных куткоў свету. Сустрэча была прымеркавана да адпраўкі на місіі новай евангелізацыі каля 250 сем’яў. 

У сваёй прамове Пантыфік указаў на важнасць удасканалення ў еднасці, да якой заклікаў вучняў Езус. Папа нагадаў, што падзелы і грахі супраць адзінства Касцёла правакуе д’ябал. Яго дзейнасць пачынаецца з пераканання вернікаў у тым, што яны з’яўляюцца лепшымі за іншых. “Гэта спакуса ўсіх супольнасцяў і яна можа пранікаць нават у самыя цудоўныя харызматы Касцёла”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што харызмат можа прыйсці ў нягоднасць, калі пачне выклікаць закрытасць, ганарыстасць, жаданне адрознівацца ад іншых. Таму, яго трэба бараніць. Найлепшым спосабам для гэтага з’яўляецца шлях пакорнай і паслухмянай еднасці. Францішак заклікаў членаў Неакатэхуменальнага шляху клапаціцца аб сваім харызмаце, ачышчаючы яго ад магчымых чалавечых крайнасцяў, праз імкненне да адзінства з усімі і паслухмянасць Касцёлу.

Папа сцвердзіў, што дзякуючы сіле хросту вернікі становяцца падобнымі да сваёй Маці – Касцёла, пачынаюць быць людзьмі адзінства ў свеце. Ён нагадаў, што Касцёл – гэта не арганізацыя, якая шукае новых паслядоўнікаў, або група, якая крочыць наперад згодна са сваёй логікай і сваімі ідэямі, але Маці, якая перадае жыццё, атрыманае ад Езуса. 

Гэта плённасць выражаецца праз служэнне і кіраўніцтва пастыраў. Францішак заклікаў удзельнікаў руху клапаціцца пра ўвесь Касцёл, асабліва пра яго самыя ўразлівыя часткі, “каб усё развівалася разам, гарманічна і плённа”.  

Святы Айцец пажадаў імкнуцца да хвалы Божай, якая аб’явілася не ў поспехах гэтага свету, але на крыжы. Гэта парадаксальная хвала: без шуму, прыбытку і апладысментаў, але менавіта яна чыніць Евангелле плённым, перакананы ён. 

“Падобна таксама і Маці-Касцёл з’яўляецца плённым, калі наследуе міласэрную любоў Бога, калі прапануе сябе і ніколі не навязвае. Бог – пакорны. Ён дзейнічае як дождж, які льецца на зямлю, як паветра, якім дышым, як малое зерне, якое прыносіць плён у цішыні. Хто абвяшчае любоў, не можа рабіць гэтага без такога стылю любові”, - сцвердзіў Папа.

Францішак нагадаў, што Бог любіць сваіх дзяцей такімі, якія яны ёсць, нават калі яны далёка ад Яго. Ён заклікаў удзельнікаў Неакатэхуменальнага шляху наследаваць гэты прыклад: дэманстраваць пяшчотны позірк Айца, лічыць дарам рэальнасць, якую сустрэнуць, а таксама памятаць, што вера не можа быць халоднай дактрынай, пазбаўленай жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.