2016-03-17 13:47:00

Папа: клопат пра бедных – агульначалавечае пакліканне


Сіла супольнасці праяўляецца ў яе спачуванні самым слабым, сказаў папа Францішак падчас сустрэчы з удзельнікамі Гарвардскай мадэлі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый – канферэнцыі, якая штогадова збірае каля 3 тыс. студэнтаў з усяго свету і дапамагае ім зразумець дзейнасць ААН і іншых міжнародных арганізацый праз імітацыю вырашэння складаных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытанняў, вывучэнне значных гістарычных падзей, якія сфармавалі сучасную карту свету. Cёлета яна праходзіць у Рыме.

Звяртаючыся да сваіх гасцей Францішак нагадаў, што ААН і кожная з дзяржаў-членаў гэтай арганізацыі, павінны быць заўсёды гатовымі дапамагаць самым уразлівым і маргіналізаваным у свеце. Пантыфік падкрэсліў важнасць “структур супрацоўніцтва і салідарнасці, якія былі пабудаваны міжнароднай супольнасцю на працягу многіх гадоў”. Ён заклікаў, каб у цэнтры іх увагі заўсёды знаходзілася чалавечая асоба, таму што праблемы заўсёды маюць аблічча, а “ўнутры кожнай цяжкасці, на якую свет адказвае, знаходзяцца мужчыны і жанчыны, моладзь і пажылыя людзі”. 

“Ёсць сем’і і індывідуўмы, якія жывуць у штодзённай барацьбе, якія імкнуцца клапаціцца пра сваіх дзяцей і забяспечыць ім не толькі будучыню, але таксама і элементарныя сённяшнія патрэбы. Акрамя таго, многія з тых, каго закранулі самыя цяжкія праблемы актуальнага свету, ад насілля да неталерантнасці, сталі бежанцамі, трагічна вымушанымі пакінуць свае дамы, пазбаўленыя сваёй зямлі і свабоды”, - сказаў Пантыфік. 

Гэты людзі патрабуюць дапамогі, падкрэсліў Папа. Яны гучна просяць быць выслуханымі і як ніколі вартыя намаганняў на карысць справядлівасці, міру і салідарнасці. “Наша сіла, як супольнасці, на любым узроўні жыцця і сацыяльнай арганізацыі, грунтуецца не столькі на нашых ведах і асабістых здольнасцях, колькі на спачуванні, якое дэманструем адзін да аднаго, на клопаце, які ажыцяўляем, асабліва ў адносінах да тых, хто не можа паклапаціцца пра самога сябе”, - дадаў Святы Айцец.

Напрыканцы сваёй прамовы Францішак нагадаў, што Каталіцкі Касцёл пакліканы служыць бедным, бежанцам, сем’ям і бараніць неад’емную годнасць і правы кожнага чалавека.

“Мы хрысціяне верым, што Езус нас кліча служыць нашым братам і сёстрам, клапаціцца адно пра аднаго, нягледзячы на іх паходжанне і абставіны. Тым не менш, гэта не толькі адметная рыса хрысціян, але паўсюднае пакліканне, укаранёнае ў нашу супольную чалавечнасць, у тое, што маем унутры, як асобы”, - дадаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.