2016-03-16 12:01:00

Францішак: Божая любоў большая за чалавечы грэх


Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 16 сакавіка 2016 г. папа Францішак нагадаў, што міласэрнасць Бога здольная адкрываць і напаўняць суцяшэннем сэрцы. У сваёй катэхезе Пантыфік разважаў над прадказаннем прарока Ераміі аб вяртанні ізраільскага народа на Радзіму, як сведчання бязмежнай міласэрнасці і любові Бога. 

Выгнанне для выбранага народа стала сапраўдным выпрабаваннем веры, нагадаў Папа. “Таксама і мы можам часам перажываць свайго роду выгнанне, калі самотнасць, боль, смерць прымушаюць думаць пра тое, што Бог нас пакінуў. Колькі разоў мы чулі гэтыя словы: “Бог забыўся пра мяне”. Многія людзі, якія пакутуюць, адчуваюць сябе пакінутымі”, - заўважыў Святы Айцец.

“І колькі нашых братоў у гэты час перажываюць сапраўдную і драматычную сітуацыю выгнання, у далечыні ад сваёй радзімы, маючы перад вачыма руіны сваіх дамоў, страх у сэрцах і часта, нажаль, боль з прычыны згубы дарагіх людзей. У такіх сітуацыях у некаторых можа ўзнікнуць пытанне: дзе Бог? Як магчыма, што столькі пакутаў можа абрынуцца на мужчын, жанчын і нявінных дзяцей? І калі яны спрабуюць ісці некуды, перад імі закрываюць дзверы. Яны знаходзяцца там, на мяжы, таму што шмат дзвярэй і сэрцаў закрыта. Сённяшнія мігранты пакутуюць пад адкрытым небам, без ежы, і не могуць увайсці, не атрымліваюць гасціннасці. Мне вельмі прыемна глядзець на краіны, на кіраўнікоў, якія адкрываюць сэрцы і дзверы!”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, перад абліччам драмы пакутаў і выпрабаванняў нельга трапляць у роспач. Трэба працягваць давяраць Богу, бо Ён заўсёды побач. 

“Прарок Ерамія дае нам перш адказ. Выгнаны народ зможа зноў убачыць сваю зямлю і адчуць міласэрнасць Пана. Гэта вялікае суцяшаючае абвяшчэнне: Бог не адсутны, нават сёння, у гэтых драматычных сітуацыях. Бог побач, здзяйсняе вялікія справы збаўлення тым, хто Яму давярае. Нельга трапляць у роспач, трэба далей быць упэўненымі, што дабро пераможа зло і Пан асушыць кожную слязу і вызваліць нас ад кожнага страху”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што Божая любоў большая за чалавечы грэх. Дзякуючы ёй сэрца чалавека напаўняецца радасцю і суцяшэннем. У пацвярджэнне сваіх слоў ён нагадаў пра вялікую радасць, якая спадарожнічала вяртанню ізраільскага народа ў родную зямлю. “І самі выгнанцы былі як арошаны сад, як плённая зямля. Ізраіль, які Пан вярнуў на Радзіму, стаў сведкам перамогі жыцця над смерцю і благаслаўлення над праклёнам”, - адзначыў Пантыфік.

“Прарок Ерамія пераказаў нам пасланне, прадстаўляючы вяртанне выгнанцаў у якасці вялікага сімвалу суцяшэння, якое даецца сэрцу, што навяртаецца. Пан Езус, са свайго боку, давёў да спаўнення гэта пасланне прарока. Сапраўднае і радыкальнае вяртанне з выгнання і суцяшаючае святло пасля цемры крызісу веры спаўняецца ў Вялікадні, у поўным і канчатковым досведзе любові Божай, любові міласэрнай, якая нясе радасць, мір і вечнае жыццё”, - сказаў Святы Айцец.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа, па традыцыі, прывітаў прысутныя на ватыканскай плошчы групы вернікаў і ўдзяліў сабраным сваё благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.