2016-03-16 13:14:00

Ватыкан: працяг фінансавай рэформы – прызначаны рэвізоры


Папа Францішак прызначыў 16 сакавіка 2016 г. двух дапаможных рэвізораў для фінансавых структур Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан. Імі сталі Феручыа Панікка і Алесандра Касініс Рагіні. 

Першы з’яўляецца спецыялістам па фінансавым наглядзе і аўдыце і ўваходзіў у склад рэвізійнай камісіі сусветнавядомай італьянскай “Indesit Company”, выконваючы там абавязкі галоўнага аўдытара. Другі дапаможны рэвізор з’яўляецца членам італьянскай калегіі адвакатаў і спецыялізуецца ў галіне дзяржаўных кантрактаў, канцэсіі на грамадскія работы, працэдуры фінансавання праектаў і працэдуры экспрапрыяцыі. Ён – аўтар шэрагу публікацый на тэму дзяржаўных закупак.

Прызначэнне стала чарговым структурным крокам на шляху рэформы ватыканскай фінансавай сістэмы.

Трэба нагадаць, што ў чэрвені 2015 г. Папа прызначыў генеральнага рэвізора для фінансавых структур Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан. Ім стаў Лібера Мілонэ, які да таго займаў розныя пасады ў кантрольных органах буйных фірм. 

Яшчэ 24 лютага 2014 г. Францішак выдаў “motu proprio” пад назвай “Fidelis et Dispensator Prudens”, якім абвясціў аб заснаванні, у прыватнасці, Cакратарыяту па эканамічных пытаннях, пакліканага кансалідаваць існуючыя ватыканскія фінансавыя органы і спрасціць кіраванне імі. Гэтым жа дакументам была ўведзена і новая функцыя Генеральнага рэвізора, упаўнаважанага праводзіць праверкі любога органу Святога Пасаду і Ватыкану ў любы час. Яго прызначае асабіста Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.