2016-03-15 12:14:00

Мары здзяйсняюцца – “беларускамоўны” касцёл у Вільні


У касцёле св. Барталамея ў Вільні набажэнствы будуць адбывацца толькі на беларускай мове. Аб гэтым падчас ўрачыстай св. Імшы 13 сакавіка 2016 г. абвясціў дапаможны біскуп Віленскай архідыяцэзіі Арунас Панішкайціс. Іерарх таксама зазначыў, што ў Вільні ёсць касцёлы, дзе набажэнствы адбываюцца толькі на адной мове: літоўскай, польскай, украінскай. Таму цалкам лагічна, што і беларусы павінны мець свой касцёл. Варта адзначыць, што нядзельную Эўхарыстыю ён цэлебраваў па-беларуску. Упершыню, за многія стагоддзі віленскія каталіцкія іерархі звяртаюцца да беларусаў на іх роднай мове, як паведаміў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч.

Гісторыя беларускага каталіцтва на Віленшчыне мае глыбокія карані. Тут у 1913-1915 гг. выходзіла першая каталіцкая газета “Беларус”. У 1915 г. быў выдадзены беларускі каталіцкі малітоўнік “Бог з намі”, а таксама ў гэты час праводзіліся актыўныя спробы па ўвядзенні беларускай мовы ў рэлігійнае жыццё.

У міжваеннай Вільні беларускае каталіцкае жыццё было надзвычай актыўным. Выдаваліся беларускія каталіцкія газеты “Крыніца”, “Хрысціянская думка”, “Беларускі фронт” і іншыя. Тут служыў цэлы шэраг выдатных дзеячаў беларускага каталіцтва: ксяндзы Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Станіслаў Глякоўскі, Ільдэфонс Бобіч, Уладзіслаў Талочка. Жылі беларускія айцы марыяне, сярод якіх Язэп Германовіч, будучы біскуп Чэслаў Сіповіч, Андрэй Цікота, Антон Падзява, Казімір Смулька. Галоўная іх мара – мець у Вільні цалкам беларускамоўны касцёл – сёння, амаль праз сто гадоў, споўнілася.

“Беларусы Вільні з вялікай радасцю ўспрынялі гэту навіну, бо як падлічылі, непасрэдныя намаганні прадпрымаліся 27 гадоў. Тады, у далёкім 1996 г. гэты касцёл перадалі беларусам, першым рэктарам быў прызначаны кс. Ян Шуткевіч, які займаў гэта пасаду да лета 2014 г., пасля яго замяніў кс. Казімір Гваздовіч. Але па розных прычынах, у касцёле не заўжды вяліся службы па-беларуску, а таксама ў розныя часы польскамоўных службаў было значна больш, чым беларускіх. І толькі зараз касцёл цалкам перададзены беларусам”, - падкрэсліў Алесь Адамковіч.

Душпастырам для беларусаў Вільні і ваколіц прызначаны айцец Арыюш Малыска, капуцын, якому давераная адказная місія па гуртаванні беларусаў-католікаў і не толькі вакол святыні. Нагадаем, 19 лютага 2016 г. была падпісана дамова паміж айцом Алегам Шэндам, кусташам капуцынскай супольнасці ў Беларусі, і арцыбіскупам віленскім Гінтарасам Грушасам, згодна з якой ад 13 сакавіка 2016 г. капуцыны Беларускай Кустодыі распачынаюць душпастырскую паслугу ў парафіі св. Барталамея ў Вільні.

Сёння ў літоўскай сталіцы налічваецца больш за 20 парафій, у большасці з якіх паралельна ўжываецца польская і літоўская мовы. Арцыбіскуп Віленскі пажадаў, каб капуцыны заняліся пастырствам менавіта сярод беларусаў. Гэта пацвердзіў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё і дапаможны біскуп Віленскай архідыяцэзіі Арунас Панішкайціс: “Я працую ў Вільні шэсць гадоў, і калі я сюды прыехаў, ужо гэты касцёл св. апостала Барталамея дзейнічаў як храм, у якім збіралася беларуская супольнасць, і цяпер там з’явіўся новы адміністратар. Наша жаданне – каб вернікі, якія гавораць па-беларуску, бацькі якіх размаўлялі па-беларуску, маглі збірацца і маліцца на сваёй мове. У Вільні цяпер жыве шмат вернікаў, якія гавораць на розных мовах – літоўскай, польскай, украінскай, рускай, значная частка – тыя вернікі, што гавораць па-беларуску. І таму мы хочам, каб у Вільні яны былі як у сябе дома”, - прызнаўся іерарх.

Дарэчы, адказнасць за ўтрыманне святыні цяпер таксама ўскладзена на Таварыства беларускай культуры ў Літве. Імша на беларускай мове ў віленскім касцёле будзе адбывацца штодзённа ў 18.00, у нядзелю – у 10.00 і 12.00. 

Склад парафіянаў тут вельмі разнастайны, дадаў Алесь Адамковіч: “Сярод іх ёсць і карэнныя беларусы-віленчукі, якія нарадзіліся ў міжваеннай Вільні, спадкаемцы тых беларускіх дзеячоў, таксама тыя, якія прыехалі ў Вільню за савецкім часам. Наведваюць касцёл вучні і настаўнікі Віленскай беларускай гімназіі. А вось студэнтаў ЕГУ і прадстаўнікоў новай міграцыі практычна няма. Трэба разумець, што касцёл для іх не адыгрывае той ролі, што для старэйшага пакалення, і таму ён не ўваходзіць у кола іх інтарэсаў. Але можна сказаць, што распачынаецца новая старонка ў гісторыі беларускага каталіцтва ў Вільні. І сёння нашыя святары, якія змагаліся за беларускую мову ў святыні ў міжваеннай Вільні, радуюцца разам з намі”.

Айцец Арыюш Малыска, адзначыў, што мае шмат планаў у новым душпастырстве, найперш – аб'яднаць беларусаў, якія ў Вільні жывуць і якія вельмі рассеяны: “Аб’яднаць – каб яны адчулі, што маюць месца, дзе могуць памаліцца на роднай мове, знайсці дапамогу духоўную і практычную. Маё меркаванне такое, што трэба закрануць і Беларускую гімназію, якая тут дастатковая вядомая, і ЕГУ – універсітэт, які мае беларускую традыцыю. Хацелася б гэтае асяроддзе пазнаць і перадусім несці ім святло веры і Евангелля, каб яны маглі развівацца не толькі інтэлектуальна, але найперш як людзі, якія спазнаюць Хрыста, ведаючы, адкуль яны, кім з’яўляюцца, куды ідуць”.

Айцец Арыюш таксама просіць аб малітве, каб яго планы здзейсніліся, а служэнне прынесла плён.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.