2016-03-14 13:19:00

Святы Айцец: наш адказ – гэта давер Богу


Перад абліччам сучасных “цёмных далін” адзіным адказам з’яўляецца давер да Бога, Які ніколі нас не пакідае, сказаў Францішак 14 сакавіка 2016 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Папа спаслаўся на першае чытанне сённяшняй літургіі слова з кнігі прарока Даніэля (Дан 13, 41с-62), якое распавядае гісторыю Зузаны, ілжыва абвінавачанай двума старэйшынамі. Яна аддала перавагу даверыцца Богу і памерці нявіннай, чым падпарадкавацца злу, да якога схілялі яе два пажадлівыя старэйшыны. 

Папа падкрэсліў, што нават калі мы вымушаны прайсці праз “даліну цемры”, мы не павінны баяцца ніякага зла. Ён нагадаў, што Бог заўсёды ідзе з намі, хоча нашай карысці, ніколі не пакідае нас. Тое ж адбываецца, калі наступае няшчасце ў нашым жыцці, калі людзі паміраюць ад голаду, у выніку войнаў, калі мы бачым дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі або тых, якія пакутуюць ад так званых “рэдкіх захворванняў”, рака. Часта мы ставім пытанне, дзе Бог? Пантыфік адзначыў, што падобныя пытанні застаюцца без тлумачэння, хвароба і пакуты нявіннага дзіця заўсёды застаюцца таямніцай.

Прыкладам тут для нас з’яўляецца Езус, Які ведае, што ўсё заканчваецца не смерцю і страхам, а апошнія словы, вымаўленыя з крыжа гучаць: “Ойча! У рукі Твае аддаю дух Мой” (Лк 23, 46). Даверыцца Богу, Які ідзе са мной, Які ідзе з Касцёлам, з’яўляецца актам веры. Я не ведаю, чаму так адбываецца, але давяраю сябе Яму”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што навучанне Езуса з’яўляецца сведчаннем таго, што зло носіць часовы характар, але ў канчатковым выніку яго не будзе, таму што Бог заўсёды з намі. І разумення гэтага трэба прасіць: “Пане, навучы мяне даверацца Табе, даверацца твайму кіраўніцтву нават у цяжкія часы, у самыя цяжкія моманты, у момант смерці”, - пажадаў Папа.

“Варта сёння задумацца аб сваім жыцці, аб нашых праблемах, і папрасіць ласку аддаць сябе ў Божыя рукі. Варта падумаць пра многіх людзей, якія не маюць канчатковай упэўненасці нават у момант смерці”, - заклікаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.