2016-03-12 12:05:00

Святы Пасад афіцыйна пацвердзіў візіт Папы ў Польшчу


У Ватыкане 12 сакавіка 2016 г. афіцыйна пацвердзілі візіт папы Францішка ў Польшчу. “З нагоды наступнага Сусветнага дня моладзі, які пройдзе ў Кракаве, прымаючы запрашэнне вышэйшых уладаў Рэспублікі і польскіх біскупаў, Яго Святасць Францішак адправіцца з пастырскім візітам у Польшчу з 27 па 31 ліпеня 2016 года”, - гаворыцца ў афіцыйнай заяве Залы Друку Святога Пасаду.

Сусветныя дні моладзі ў Кракаве пройдуць 26-31 ліпеня 2016 г. пад дэвізам: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5,8). Ім будуць папярэднічаць Дні ў дыяцэзіях, якія пройдуць 20-25 ліпеня па ўсёй Польшчы.

У верасні 2015 г. Францішак скіраваў пасланне да будучых удзельнікаў Сусветных дзён. Ён заўважыў, што моладзевы форум у Кракаве будзе першым пасля кананізацыі яго заснавальніка – Яна Паўла ІІ. Акрамя таго, ён пройдзе ў рамках Юбілею Міласэрнасці. Папа нагадаў, што міласэрнасць з’яўляецца не абстрактнай ідэяй або сентыментальнасцю, але канкрэтнай рэальнасцю, у якую ўключана прабачэнне. Ён заклікаў моладзь часцей прыступаць да сакрамэнту споведзі. Канфесіянал – гэта месца міласэрнасці, у якім можна патрапіць у абдымкі Бога. Божая Міласэрнасць – гэта “вельмі канкрэтная і патрабавальная жыццёвая праграма”, якая прадугледжвае справы, сярод якіх самая складаная, гэта прабачэнне тых, хто нас абразіў, хто прычыныў нам боль, хто з’яўляецца нашым ворагам, напісаў Папа.

Сусветныя дні моладзі 2016 года ў трэці раз супадуць з юбілейным годам у Каталіцкім Касцёле. У 1984 г. форум праходзіў у рамках Юбілею Адкуплення, а ў 2000 г. – у рамках Вялікага Юбілею Хрысціянства.








All the contents on this site are copyrighted ©.