2016-03-12 13:02:00

Пантыфік: лячыць раны тых, чыё сужэнства распалася


Важна, каб новыя нормы адносна “сужэнскага працэсу”, якія паскараюць працэдуру прызнання несапраўднасці сужэнства, былі ўспрыняты і ўсвядомлены “асабліва супрацоўнікамі касцёльных трыбуналаў, каб аказваць сем’ям паслугу справядлівасці і міласэрнасці”. З такімі словамі 12 сакавіка 2016 г. Пантыфік звярнуўся да ўдзельнікаў фармацыйнага курсу, прысвечанага новаўвядзенням, звязаным з “сужэнскім працэсам” і працэдурай “super rato”, які праводзіць Трыбунал Рымскай Роты.

Па словах Святога Айца, для многіх людзей, якія перажываюць нешчаслівае сужэнства, “прызнанне несапраўднасці гэтага сакрамэнту з’яўляецца важнай магчымасцю”. Папа нагадаў аб прынятых у жніўні 2015 г. Апостальскіх лістах “Mitis Iudex Dominus Iesus” і “Mitis et misericors Iesus”, якімі былі афіцыйна зацверджаны змены ў кананічным “сужэнскім працэсе”, накіраваныя на паскарэнне і палягчэнне гэтай працэдуры. “Касцёл – гэта Маці, якая хоча паказаць усім аблічча Бога, вернага ў сваёй любові, міласэрнага і заўсёды здольнага ўзнавіць нашыя сілы і надзею”, - падкрэсліў Францішак.

Найбольшае хваляванне адносна разведзеных людзей, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, па словах Пантыфіка, выклікае іх удзел у жыцці касцёльнай супольнасці. Ён адзначыў, што Касцёл імкнецца вылечыць раны тых, чыё сужэнства распалася, і ў той жа час з асаблівым захапленнем глядзіць на тых, хто нават у самых складаных умовах застаецца верным словам сужэнскай прысягі. Менавіта “гэтыя сведкі сужэнскай вернасці натхняюць і даюць прыклад да наследавання”, сказаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.