2016-03-12 13:26:00

Ватыкан: узнавіўся працэс па крадзяжы дакументаў


12 сакавіка 2016 г. раніцай у судзе Дзяржавы Ватыкан узнавіўся працэс, які праходзіць у рамках крымінальнай справы па абнародаванні і распаўсюджванні канфідэнцыйных дакументаў Святога Пасаду. Пасяджэнне суда, якое праходзіць за зачыненымі дзвярыма, было склікана старшынёй Трыбуналу пасля падачы тэхнічнага дакладу, зробленага двума экспертамі; адзін з іх быў прызначаны судом, другі прадстаўляў бок абвінавачаных. Аб гэтым паведаміў кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, кс. Фэдэрыка Ламбардзі.

На сённяшнім пасяджэнні прысутнічаў поўны склад Судовай Калегіі, прамотар справядлівасці, усе абвінавачаныя са сваімі адвакатамі. Яно доўжылася каля гадзіны. Як было прадугледжана раней, слуханне крымінальнай справы працягнецца ў бліжэйшы панядзелак, 14 сакавіка 2016 г.

Першае пасяджэнне па справе прайшло некалькі месяцаў таму, 24 лістапада 2015 г. Гаворка ідзе пра ватыканскіх служачых: кс. Вальеха Бальда, Франчэску Шаўкі, Ніколу Маё, і двух італьянскіх журналістаў: Джанлуіджы Нуццы і Эміліяна Фіціпальдзі. Злачынствы былі здзейснены ў перыяд ад сакавіка 2013 г. да 5 лістапада 2015 г.

Першых трох абвінавачваюць у стварэнні арганізаванай злачыннай групы, з мэтай здзяйснення некалькіх злачынстваў па распаўсюджванні інфармацыі і дакументаў, якія тычацца фундаментальных інтарэсаў Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан. Два журналісты абвінавачваюцца ў падбухторванні і аказанні ціску ў мэтах атрымання інфармацыі і дакументаў канфідэнцыйнага характару, выкарыстаных пасля ў двух кнігах, апублікаваных у Італіі ў лістападзе 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.