2016-03-11 13:23:00

Папскі прапаведнік: сужэнства нараджаецца з пакоры


Сваё чацвёртае велікапоснае казанне прапаведнік Папскага дома, айцец Раньеры Канталамеса прысвяціў пытанням сужэнства і сям’і, якія назваў “найбольш актуальнымі і праблематычнымі”.

Капуцын звярнуўся да тэкстаў Кнігі Быцця і прааналізаваў урыўкі, што расказваюць пра стварэнне мужчыны і жанчыны. Найбольш пераканаўчым тлумачэннем Божай задумы адносна існавання людзей рознага полу прапаведнік назваў неабходнасць разумення іншага полу як першы крок да спасціжэння бліжняга і самога Бога. 

“Сужэнства нараджаецца, перш за ўсё, з пакоры”, - перакананы айцец Канталамеса. Закахацца – значыць прызнаць сваю патрэбу ў іншым чалавеку. Чалавечую інтымнасць прапаведнік назваў “першай школай рэлігіі”, бо яна палягае на пачуцці залежнасці ад іншага, як і рэлігія – на пачуцці залежнасці ад Бога.

Прапаведнік падкрэсліў, што ў кожным сужэнстве прысутны Бог. Саюз мужчыны і жанчыны ёсць сімвалам Божага саюзу з выбраным народам, у якім першае месца займаюць узаемная любоў, вернасць і непарыўная еднасць. Скажэнні ў рэалізацыі Божай задумы адносна сям’і – мнагажэнства, разводы, непаважнае стаўленне да жанчыны – капуцын патлумачыў слабай і грахоўнай натурай чалавека, яго нявернасцю Богу.

Папскі прапаведнік падкрэсліў, што сёння існуе шмат складаных пытанняў адносна сям’і. Найбольшую пагрозу нясуць у сабе імкненні сучаснага чалавецтва дазволіць гомасексуальныя саюзы і знішчыць натуральныя адрозненні паміж поламі праз ажыццяўленне так званай “гендэрнай рэвалюцыі”, накіраванай, як яны кажуць, на “вызваленне жанчыны з рабства мацярынства”.

У абліччы гэтых тэндэнцый асабліва важнай становіцца місія Каталіцкага Касцёла – праз дыялог са светам абараняць і прапаведваць ідэальную задуму Бога адносна сужэнства і сям’і, і місія саміх вернікаў – нанова адкрываць для сябе прыгажосць сужэнства, заснаванага на непарыўнай еднасці паміж мужчынам і жанчынай і пошуку Божай любові праз сваю дасканалую любоў да бліжняга.

Нягледзячы на тое, што рыма-каталіцкае духавенства не мае магчымасці спазнаць сужэнскага жыцця, падкрэсліў айцец Кантламеса, можа, аднак, адкрываць свецкім вернікам праўду аб Божай любові і, у сваю чаргу, вучыцца ад сужонкаў шчодрасці, уменню забывацца пра сябе і ахвяроўваць сваё жыццё служэнню іншым.








All the contents on this site are copyrighted ©.