2016-03-11 12:42:00

Апошніі дзень рэкалекцый Папы: пра Бога ў штодзённасці


11 сакавіка 2016 г. папа Францішак і высокія ватыканскія іерархі пачулі апошнюю канферэнцыю айца Эрмэса Марыі Ронкі, у рамках велікапосных рэкалекцый, якія на працягу гэтага тыдня праходзілі ў італьянскім Арыча. Разважанне знакамітага прапаведніка было прысвечана евангельскаму апавяданню пра сустрэчу Панны Марыі з анёлам у Назарэце.

Рэкалекцыяніст заўважыў, што гэта “каласальная” падзяй адбылася ў кантэксце “штодзённасці, без сведкаў, далёка ад агнёў і эмоцый святыні”. Першае абвяшчэнне ласкі Евангелля адбылося ў штодзённасці дому – “у месцы, дзе кожны з’яўляецца сабой”. Ён нагадаў словы св. Тэрэзы Авільскай да яе сясцёр, якая нагадала, што Бог ёсць нават “паміж каструляў на кухні”. “Калі не адчуваеш Яго ў доме, у самых простых рэчах, ты яшчэ не знайшоў Бога ў жыцці”, -  працытаваў законнік словы вялікай святой.

Айцец Ронкі сцвердзіў, што трэба глядзець на Марыю, каб пазбавіцца разумення Бога, як проста “Бога рэлігіі”, аддзеленага ад жыцця; каб “перайсці ад духоўнасці, якая грунтуецца на логіцы надзвычайнага, да містыкі штодзённасці”, у якой пануе радасць.

Прапаведнік заўважыў, што паводле св. Лукі, радасная навіна была абвешчана  Марыі, а паводле св. Мацвея – Юзафу. Ён лічыць, гэта сімвалічным, бо калі накласці абодва Евангеллі адно на адну, можна зразумець, што Навіна была абвешчана пары, жаніху і нявесце разам. “Бог дзейнічае ў нашых адносінах, прамаўляе ў сем’ях, у нашых дамах, у дыялогу, драме, крызісе, сумнівах, парывах. Бог не крадзе месца ў сям’і, не навязваецца, не раніць, не пазбаўляе, але шукае шматгалосага і плённага “так”, бо з’яўляецца сумай двух сэрцаў, сумай мноства мараў і вялікага аб’ёму цярплівай працы”, - сказаў айцец Ронкі.

Напрыканцы сваёй канферэнцыі прапаведнік нагадаў, што ўсе хрысціяне пакліканы да таго, каб прыносіць Бога ў свет, па прыкладзе Багародзіцы.

Падчас вечаровай канферэнцыі 10 сакавіка рэкалецыяніст падкрэсліў, што любоў Бога запальвае сэрцы і расплюшчвае вочы, а супрацьлеглай любові з’яўляецца не столькі нянавісць, колькі абыякавасць.

Паводле яго, Бог не шукае дасканаласці чалавека, але хоча яго “сапраўднасці”. “Мы знаходзімся ў свеце не для таго, каб быць беззаганнымі”, але каб ісці наперад, сказаў прапаведнік і заклікаў крочыць шляхам веры з пачуццём патрэбы ў любові, даверы і адданні Богу.








All the contents on this site are copyrighted ©.