2016-03-10 12:35:00

“Папскія рэкалекцыі”: не праходзіць міма чалавека


Касцёл і кожны хрысціянін павінны спачуваць ранам гэтага свету, на падабенства Добрага Самараніна, таму што клопат аб пакутуючых паляпшае грамадскія адносіны і перашкаджае пашырэнню культуры адчужэння, адзначыў  айцец Эрмэс Марыя Ронкі 10 сакавіка 2016 г., падчас рэкалекцый для Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі.

У сваім разважанні прапаведнік заўважыў, што Езус – гэта Бог жыцця, якому не абыякавы боль і слёзы людзей. Ён нагадаў пра евангельскую сцэну сустрэчы Уваскрослага Хрыста з Марыяй Магдаленай і пытанне скіраванае да яе: “Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?” (Ян 20,15). 

Увага да слёзаў людзей, гэта стыль Езуса, перакананы рэкалекцыяніст. Хрыстус, паводле яго слоў, ніколі “не шукае граху асобы, але заўсёды пахіляецца над болем і патрэбамі”.

Навучыцца жэстам Езуса можна ўглядаючыся ў прыклад Добрага Самараніна, які ўбачыў параненана, спыніўся і аказаў яму дапамогу. “Бачыць, спыняцца і дакранацца – гэта тры словы, аб якіх нельга забываць ніколі”, - сказаў айцец Ронкі. Сапраўднае спачуванне з’яўляецца не абстрактнай і шляхетнай думкай, але фізічным учынкам. Добры Самаранін вучыць нас не праходзіць міма, як рабілі святар і левіт.

“Сапраўдная розніца ляжыць не паміж хрысціянінам, мусульманінам ці юдэем. Сапраўдная розніца не паміж тым, хто верыць і хто не верыць. Сапраўдная розніца паміж тым, хто спыняецца перад ранамі і хто праходзіць міма. Калі я правяду прынамсі адну гадзіну, суцяшаючы боль чалавека, буду ведаць яго больш, буду больш мудрым за таго, хто прачытаў усе кнігі. Буду валодаць жыццёвай мудрасцю”, - сказаў прапаведнік.

Падчас вечаровай канферэнцыі 9 сакавіка рэкалекцыяніст падкрэсліў, што Божае прабачэнне, “гэта сапраўдная любоў”, якая падштурхоўвае чалавека стаць “лепшым з таго, кім ён можа стаць”. Каментуючы евангельскае апавяданне пра грэшніцу, якую прабачыў Езус, прапаведнік падкрэсліў, што крывадушнікі і аматары асуджаць іншых адчужаюць Бога і Яго міласэрнасць і ўяўляюць сабой “трагедыю рэлігійнага фундаменталізму”.

Хвароба, з якой Езус найбольш змагаўся, гэта “каменнае сэрца” крывадушнікаў. “Насілле над целам, вінаватым ці нявінным, з дапамогай камянёў і ўлады, з’яўляецца непрыняццем Бога, Які жыве ў гэтай асобе”, - сказаў рэкалекцыяніст.

Ён падкрэсліў, што ў цэнтры евангельскага апавядання пра грэшніцу знаходзіцца не грэх, а “Бог, большы за нашыя сэрцы”, Які, нягледзячы на правіны, дазваляе чалавеку “сыйсці з таго месца, дзе ён спыніўся”. “Езус ведае, што чалавек не роўны свайму граху”. Яго не цікавіць мінулае. Ён – “Бог будучыні”, заключыў прапаведнік.








All the contents on this site are copyrighted ©.