2016-03-10 12:19:00

Новыя нормы па кіраванні актывамі працэсаў кананізацыі


Пантыфік ухваліў 4 сакавіка 2016 г. новае “Палажэнне аб кіраванні актывамі спраў беатыфікацыі і кананізацыі”. Дакумент адмяняе ранейшыя нормы, зацверджаныя Янам Паўлам II 20 жніўня 1983 г.

Кожная беатыфікацыя і кананізацыя звязана з вялікім аб’ёмам працы на дыяцэзіяльным і рымскім узроўнях, падрыхтоўкай самой урачыстасці беатыфікацыі або кананізацыі, што прадугледжвае адпаведныя выдаткі, гаворыцца ва ўступе да Палажэнняў. 

Асобна ў дакуменце, падпісаным кардыналам Анджэла Амата, прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, гучыць “гарантыя”, якую дае Святы Пасад, што ўзносы і выдаткі, звязаныя з рымскай фазай працэсу, будуць “стрыманымі і абмежаванымі” настолькі, каб гэта не перашкаджала яго ходу.

Першы пункт гаворыць аб патрэбе стварэння ініцыятарам беатыфікацыйнага або кананізацыйнага працэсу адмысловага фонду па кіраванні актывамі, звязанымі з ім. Дакумент характарызуе яго, як “фонд для пабожных спраў”. Са згоды біскупа ці архірэя, павінен быць прызначаны яго адміністратар; ім можа быць генеральны пастулятар працэсу. Калі справа знаходзіцца на “рымскім узроўні”, аб асобе адміністратара трэба паведаміць у Кангрэгацыю па справах Кананізацыі.

У другім пункце Палажэння падрабязна апісваецца ход адміністравання актывамі спраў. Асобна і вельмі канкрэтна гаворыцца пра абавязкі адміністратара фонду, які павінен: скрупулёзна рэалізоўваць інтэнцыі ахвярадаўцаў, весці сістэматычны падлік сродкаў, рыхтаваць штогадовую фінансавую справаздачнасць, адпраўляць копію бюджэту, зацверджаную ініцыятарам працэсу, генеральнаму пастулятару.

Калі ініцыятар працэсу мае намер выкарыстаць частку сродкаў для мэтаў, не звязаных з працэсам, ён павінен атрымаць дазвол Кангрэгацыі па справах Кананізацыі.

За фондам павінен весціся адміністрацыйны нагляд. І ў трэцім пункце новага Палажэння дакладна вызначаюцца асобы, якія могуць і павінны яго весці. Гэта, у першую чаргу, дыяцэзіяльны біскуп ці архірэй, або той, хто прыраўнаваны да яго правам у межах сваёй юрысдыкцыі, а таксама вышэйшы настаяцель Інстытута кансэкраванага жыцця або таварыства апостальскага жыцця, у межах сваёй юрысдыкцыі. Адміністрацыйны нагляд можа ажыццяўляць і “іншы касцёльны орган”, гаворыцца ў дакуменце.

Той, хто здзяйсняе нагляд, павінен рабіць штогадовую рэвізію фонду, зацвярджаць бюджэт справы і адпраўляць копію ў Кангрэгацыю па справах Кананізацыі, якая можа ў любы час патрабаваць любую фінансавую інфармацыю і звязаную з гэтым дапаможную дакументацыю, правяраць бюджэт і справаздачнасць, ажыццяўляць, падчас рымскага перыяду, кантроль за ўзносамі і любымі іншымі выдаткамі.

У выпадку парушэнняў адміністрацыйна-фінансавага характару або злоўжыванняў з боку асоб, якія ўдзельнічаюць у правядзенні працэсу, вышэйузгаданая Кангрэгацыя можа ўжыць дысцыплінарныя меры.

У Дакуменце дакладна вызначаюцца этапы рымскай фазы працэсу, з якімі звязана ўнясенне адпаведнага “узносу”. У выпадку прызнання мучаніцкай смерці або гераічнасці цнотаў, гэта чатыры этапы, а ў выпадку прызнання меркаванага цуду – тры этапы. Сродкі павінны быць пералічаны шляхам банкаўскага пераводу на рахунак Кангрэгацыі па справах Кананізацыі.

Пасля кананізацыі Кангрэгацыя, ад імя Апостальскай Сталіцы, мае права выкарыстаць сродкі, якія засталіся ў фондзе, з улікам пажаданняў ініцыятара працэсу і ў патрэбах “Фонду салідарнасці”. Пасля гэтага фонд перастае існаваць.
    
Асобна гаворыцца пра “Фонд салідарнасці”, створаны Кангрэгацыяй па справах Кананізацыі. Ён закліканы дапамагаць у тых справах, заяўнікі якіх не маюць
дастатковых фінансавых сродкаў для ўзносаў на правядзенне працэсу.

Новае Палажэнне будзе дзейнічаць “ad experimentum” на працягу трох гадоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.