2016-03-09 13:17:00

Рэкалекцыі для Папы: трэба перамагчы Галіяфа эгаізму


Хрысціянскі народ найбольш раніць прывязанасць духавенства да грошай, заўважыў 9 сакавіка 2016 г. італьянскі прапаведнік айцец Эрмэс Марыя Ронкі падчас велікапосных рэкалекцый для Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі. Яны праходзяць па-за Ватыканам, у Арычы.

“Ёсць людзі настолькі галодныя, што для іх Бог не можа мець іншай формы, чым форма хлеба”, адзначыў рэкалецыяніст. Ён пахіліўся над евангельскай сцэнай памнажэння хлябоў і рыбаў. Паводле яго, у той сітуацыі Езус паступіў вельмі практычна, пачаўшы з падліку таго, чым валодалі вучні: “Колькі ў вас хлябоў? Ідзіце, паглядзіце” (Мк 6,38).

Гэта пытанне, у кантэксце размовы пра беднасць у свеце, актуальна і сёння. “Колькі грошай, колькі зберажэнняў” у нас ёсць? “Колькі машын або колькі каштоўнасцяў у форме крыжоў і пярсцёнкаў? Касцёл не павінен баяцца празрыстасці, не павінна быць ніякага страху за свае хлябы і рыбы, свае даброты”, - сказаў прапаведнік.

Дзякуючы празрыстасці можна стаць сапраўднымі, а гэта значыць свабоднымі, як Езус, Які не дазволіў, каб Яго “купілі” і ніколі не ўваходзіў у палацы багатых, толькі ў якасці вязня. Логікай Езуса быў дар, які станавіўся выразам Яго любові. Пра гэта кажа цуд памнажэння хлябоў і рыбаў, падчас якога Езуса хвалявала не колькасць ежы, а тое, каб ёй дзяліліся.  

“Згодна з таямнічым Божым правілам: калі мой хлеб становіцца нашым хлебам, тады нават малой колькасці становіцца дастаткова. І наадварот: голад пачынаецца, калі захоўваю свой хлеб для сябе, калі насычаны Захад трымае для сябе свой хлеб, свае рыбы, свае даброты. Накарміць усю зямлю магчыма – хлеба дастаткова. Няма патрэбы ў яго памнажэнні, трэба проста раздаць яго, пачынаючы з сябе. Не патрэбны цудоўныя памнажэнні, неабходна перамога над Галіяфам эгаізму, марнавання ежы і абагачэння нямногіх”, - сцвердзіў прапаведнік.

Пяць хлябоў і дзве рыбы, якія ранні Касцёл аддаў у рукі Хрыста, давяраючы Яму і не захоўваючы нічога для сябе – гэта мала, але гэта ўсё; гэта ўсё, што мелі на вячэру вучні, гэта кропля ў моры, але якая дае сэнс і надзею на жыццё, закончыў сваё сённяшняе разважанне рэкалекцыяніст.

Падчас вячэрняй канферэнцыі 8 сакавіка айцец Ронкі заўважыў, што Езус не глядзеў на грэшнікаў з асуджэннем, але міласэрнасцю. “Езус не быў маралістам, гэта мы маралізавалі Евангелле”, - сцвердзіў ён. Хрыстус, паводле яго, не рабіў з граху “нясучага стаўпа” рэлігіі, у адрозненні ад фарысеяў. Ён ставіў у цэнтр асобу, а не закон.

Прапаведнік таксама нагадаў пра важнасць большай прысутнасці жанчын у жыцці Касцёла. “Езус быў асбалютна абыякавым да мінулага чалавека і яго полу. Ён ніколі не разважаў катэгорыямі ці стэрэатыпамі. Я думаю, што таксама і Святы Дух размяркоўвае свае дары не гледзячы на пол асобы”, - адзначыў айцец Ронкі.

Ён нагадаў, што падчас Апошняй вячэры Езус паўтарыў жэст “невядомай і любячай” грэшніцы, абмываючы і выціраючы ногі сваім вучням: “Калі чалавек любіць, ён робіць Божыя жэсты, а калі любіць Бог, Ён робіць жэсты чалавечыя”, заключыў прапаведнік.








All the contents on this site are copyrighted ©.