2016-03-09 14:28:00

Біскупы з ЕС: розныя погляды адносна прыняцця бежанцаў


Цяперашні крызіс бежанцаў паказаў на “недахопы ў структуры” Еўрапейскага Саюза і на неабходнасць паляпшэння працэсу інтэграцыі. Такім чынам перамовы паміж Еўрасаюзам і Турцыяй па пытанні бежанцаў пракаментаваў Міхаэль Кун, намеснік генеральнага сакратара Камісіі Епіскапатаў Еўрапейскай Супольнасці (COMECE). На яго думку, у апошнія гады Еўрасаюз займаўся выключна эканамічнай інтэграцыяй, замест рэальнай палітычнай.

У выніку гэтага, рашэнне праблемы бежанцаў залежыць сёння ад добрай волі і гатоўнасці прыняцця з боку дзяржаў-членаў, адзначыў аўстрыйскі тэолаг у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Прадстаўнік Камісіі Епіскапатаў Еўрапейскай Супольнасці, якая мае штаб-ватэру ў Брусэлі, прысутнічаў у якасці назіральніка на перамовах паміж ЕС і Турцыяй па пытанні бежанцаў з краін Блізкага Усходу. Ён падкрэсліў, што, у прынцыпе, няма ніякіх сумненняў у тым, што Турцыя адыгрывае ключавую ролю ў вырашэнні гэтай праблемы, і гэта звязана з яе геаграфічным месцазнаходжаннем. У дадатак да гэтага існуе з’ява, калі ўцекачы пазбягаюць створаных у апошні час на грэчаскіх астравах пунктаў прыёму і рэгістрацыі. Турцыя да канца не ведае, як вырашыць пытанне бежанцаў, таму што большасць з іх жадаюць дабрацца да Заходняй Еўропы.

“Разнастайнасць поглядаў” адносна таго, як паступаць з бежанцамі, маюць таксама і іерархі з розных краін Еўрасаюза, прызнаўся Кун. У біскупаў ёсць згода адносна прынцыпу гуманнага абыходжання з бежанцамі, але яны вельмі адрозніваюцца ў меркаваннях адносна таго, як гэта павінна ажыццяўляцца і наколькі вялікую групу павінны і могуць прыняць іх краіны. Біскупы Заходняй Еўропы кажуць пра “дазіраваны” прыём, у той час як біскупы з Усходняй, Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы выказваюцца на карысць “хуткага праходжанне праз іх краіны”.








All the contents on this site are copyrighted ©.