2016-03-08 13:02:00

Францішак запрасіў да сябе сіцылійскіх святароў


Тры гадзіны на прыватнай размове з Францішкам правялі сіцылійскія святары. Ініцыятыва зыходзіла ад Святога Айца, які, даведаўшыся пра шматлікія душпастырскія ініцыятывы, якія яны рэалізуюць, сам патэлефанаваў, запрашаючы іх у Ватыкан.

Гаворка ідзе пра чатырох святароў, якія працуюць у парафіі св. Тэрэзы ў Монрэале, паўднёвым прыгарадзе Палерма. Сустрэча адбылася адразу пасля вяртання Францішка з Мексікі, але толькі цяпер душпастыры расказалі пра яе.

“Гэта была незвычайная сустрэча. Папа прыняў нас у сваёй прыватнай кватэры, пытаўся пра нашу працу, асабліва цікавіўся нашымі праектыамі, скіраванымі да моладзі, пажылых людзей і сем’яў”, - прызнаўся пробашч парафіі, кс. Себасц’яна Гальё.

Святы Айцец таксама пацікавіўся становішчам святароў, якія выйшлі на пенсію, і праблемамі, якія ўзнікаюць у сувязі з наяўнасцю ў гэтым рэгіёне арганізаванай злачыннасці. У якасці падарунка ад святароў Францішак атрымаў знакамітыя сіцылійскія пірожныя.

“Мы былі ўражаны велізарнай шчырасцю і адкрытасцю Папы, а таксама яго рэальным клопатам пра бедных і маргіналізаваных”, - сказаў кс. Марыё Кампізі. Менавіта ён падняў слухаўку, калі Францішак патэлефанаваў на плябанію з запрашэннем прыехаць да яго ў Ватыкан.








All the contents on this site are copyrighted ©.