2016-03-07 12:55:00

Пройдзе звычайны кансісторый па кананізацыйных справах


15 сакавіка 2016 г. папа Францішак узначаліць Звычайны кансісторый па кананізацыйных справах. Аб гэтым паведаміла 7 сакавіка 2016 г. Служба папскіх літургічных цэлебрацый. Кансісторый распачнецца малітвай Літургіі гадзін.

Кардыналы, прысутныя ў гэты час у Рыме, збяруцца ў Зале кансісторыяў Апостальскага палаца для разгляду спраў кананізацыі благаслаўлёных: кс. Станіслава Папчынскага, заснавальніка Кангрэгацыі Айцоў Марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі; Хасэ Санчэса дэль Рыа, мексіканскага хлопчыка, які падчас паўстання крыстэрас быў прысуджаны да смерці за адмову адысці ад каталіцкай веры; аргентынскага святара Хасэ Габрыэля Дэль Разарыё Бракера; шведскай законніцы і медсястры Марыі Элізабэты Хэсэльблад; а таксама Тэрэзы Калькуцкай, сусветнавядомай заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Божай Любові.

Раней Папа даручыў Кангрэгацыі па справах Кананізацыі публікацыю дэкрэтаў аб сапраўднасці цудаў, здзейсненых праз заступніцтва гэтых благаслаўлёных.








All the contents on this site are copyrighted ©.