2016-03-07 12:10:00

Праваслаўныя: час прызнаць праўду пра псеўдасабор 1946 года


Група вядомых праваслаўных хрысціян свету апублікавала 7 сакавіка 2016 г. заяву аб жахлівай праўдзе пра львоўскі псеўдасабор 1946 года, які дазволіў сталінскаму рэжыму ліквідаваць Украінскую Грэка-Каталіцкую Царкву.

“Руская Праваслаўная Царква ў сваёй паўнаце не можа лічыцца адказнай за рашэнні, прынятыя царкоўным свяшчэннаначаллем, што знаходзіліся пад ціскам тэрору і маніпулявання з боку НКВД-КГБ. Аднак, мы, праваслаўныя хрысціяне, адчуваем сябе адказнымі за злачыннае маўчанне вакол знішчэння гэтай Царквы савецкім рэжымам пры ўдзеле Маскоўскага Патрыярхата”, - напісалі праваслаўныя інтэлектуалы з Расіі, Украіны, Францыі, Галандыі і ЗША.

“Нам вядома, што мільёны праваслаўных хрысціян усяго свету шчыра асуджаюць антырэлігійны пераслед, які праводзіўся савецкім урадам і Іосіфам Джугашвілі у прыватнасці... Мы пакорліва просім прабачэння за ўсе несправядлівасці, ахвярамі якіх сталі грэка-католікі пад прыкрыццём аўтарытэту Праваслаўнай Царквы, і схіляем нашы галовы перад мучанікамі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы”, - гаворыцца ў заяве.

Аўтары адзначылі, што 10 сакавіка, калі 70 гадоў таму Руская Праваслаўная Царква гвалтоўна ўключыла Украінскую Грэка-Каталіцкую Царкву ў сваё лона пад ціскам савецкай улады, праваслаўныя хрысціяне ў свеце будуць маліцца за ўсіх нявінных ахвяр, якія ў выніку гэтага акту былі заключаны ў турмы, “якіх катавала, ссылала і забівала савецкая ўлада пры папушчальніцтве Маскоўскага Патрыярхата”.








All the contents on this site are copyrighted ©.