2016-03-07 13:14:00

Папа прымае ўдзел у велікапосных рэкалекцыях


 

Папа Францішак прымае ўдзел у велікапосных рэкалекцыях, якія праходзяць у  мястэчку Арыча пад кіраўніцтвам італьянскага прапаведніка, айца Эрмэса Марыі Ронкі. 7 сакавіка 2016 г. тэмай рэкалекцыйных разважанняў стала пытанне, якое Езус скіраваў да вучняў пасля суцішэння буры: “Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?” (Mк, 4, 40).

Страх і вера, гэта дзве супрацьлежнасці, якія заўсёды канфліктуюць у сэрцы чалавека. Слова Божае, аднак, пастаянна заклікае не баяцца, адзначыў прапаведнік. Паводле яго, страх – гэта не адсутнасць адвагі, але “недахоп даверу”. 

Ён нагадаў, што чалавечы страх перад Богам, гэта памылковае ўяўленне аб Ім, як адбывалася ў выпадку Адама і Евы, якія верылі ў Бога, “які адбірае, а не дорыць”, які пазбаўляе свабоды, а не дае магчымасць, для якога на першым месцы стаіць Закон, а не радасць сваіх дзяцей. Яны верылі ў Бога з асуджальным позіркам, ад якога трэба ўцякаць, а не бегчы Яму насустрач, верылі ў Бога, якому нельга было давяраць. Айцец Ронкі падкрэсліў, што першым сярод грахоў з’яўляецца грэх супраць веры. “Ад памылковага ўяўлення пра Бога нараджаецца самы вялікі страх”, - дадаў ён.

Прапаведкік заўважыў, што Бог не пазбаўляе людзей бураў, але заўсёды падтрымлівае падчас іх, знаходзячыся побач. “Бог збаўляе нас не ад пакутаў, але ў пакутах, бароніць не ад болю, але ў болі, збаўляе не ад крыжа, але ў крыжы. Бог прыносіць не вырашэння нашых праблем, але самога сябе, і дорачы нам сябе, дае нам усё”, - сказаў ён.

Паводле рэкалекцыяніста, існуе адзіны спосаб перамогі над страхам – і гэта вера. Місія Касцёла, такім чынам, заключаецца ў тым, каб праз веру пазбаўляць людзей страху. “На працягу доўгага часу Касцёл перадаваў веру, угрунтаваную на страху”, веру, якая нарадзілася з Адамам, не здолеўшым зразумець Божую міласэрнасць. Страх робіць хрысціянства сумным, а Бога прадстаўляе бязрадасным, сказаў ён.

Падчас першай духоўнай канферэнцыі, якую папа Францішак і супрацоўнікі Рымскай курыі пачулі вечарам 6 сакавіка 2016 г., прапаведнік заклікаў засяродзіцца на пытаннях, з якімі Езус звяртаецца да вернікаў са старонак Евангелля. Іх тут налічваецца больш за 220, заўважыў айцец Ронкі. 

Ён таксама нагадаў, што вера – гэта пошук Бога, які напаўняе шчасцем сэрца, пошук Бога, імя Якога – радасць, свабода і поўня. Менавіта такога Бога і павінен абвяшчаць сёння Касцёл, перакананы рэкалекцыяніст.








All the contents on this site are copyrighted ©.