2016-03-06 12:48:00

Святы Айцец падтрымаў гуманітарныя калідоры для бежанцаў


Францішак станоўча ацаніў “ініцыятыву гуманітарных калідораў для бежанцаў”, якая рэалізуецца ў апошні час у Італіі. На яго думку, “гэты пілотны праект спалучае ў сабе салідарнасць і бяспеку, дазваляе дапамагчы людзям, якія бягуць ад вайны і насілля”. 6 сакавіка 2016 г. у Ватыкане, падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі, Папа нагадаў, што сярод гэтых асоб ёсць хворыя дзеці, інваліды, ваенныя ўдовы з дзецьмі і пажылыя людзі. 

Пантыфік лічыць, што варта падтрымаць гэту ініцыятыву яшчэ і таму, што яна па-сапраўднаму экуменічная, паколькі рэалізуецца пры падтрымцы каталіцкай “Супольнасці св. Эгідзія”, Федэрацыі Евангелічных Цэркваў Італіі, Царквы Вальдэнсаў і Метадысцкай Царквы.

Праект гуманітарных калідораў паўстаў у выніку пагаднення хрысціянскіх арганізацый розных канфесій з Міністэрствам замежных спраў і Міністэрствам унутраных спраў Італіі. Ён прадугледжвае выдачу гуманітарных віз для найбольш уразлівых катэгорый бежанцаў. Такім чынам, яны не павінны будуць рызыкаваць жыццём, пераадольваючы небяспечны шлях у Еўропу, а дзякуючы дбайнай праверцы кампетэнтнымі органамі Італіі будзе гарантавана іх “законапаслухмянасць”. Пасля прыбыцця бежанцам прадаставяць на першы час жыллё, аплоцяць курсы італьянскага, запішуць у школу дзяцей.

Першая група ўжо прыбыла ў Італію. Яна складаецца з 93 чалавек, з іх 41 – дзеці. Яны паходзяць з розных сірыйскіх гарадоў: Хомса, Алепа, Хамы і Дамаска, і ў апошні час знаходзіліся ў лагерах бежанцаў у Ліване. Сярод прыбылых – хрысціяне і мусульмане.








All the contents on this site are copyrighted ©.