2016-03-06 15:49:00

Папа: ў прыпавесці пра міласэрнага айца ёсць трэці Сын


Бог заўсёды лічыць нас сваімі дзецьмі, нават калі мы заблудзілі, перакананы папа Францішак. Ён падзяліўся сваімі разважаннямі перад малітвай “Анёл Панскі” з вернікамі, сабранымі 6 сакавіка 2016 г. на плошчы св. Пятра. Сакрамэнт паяднання дазваляе чалавеку пачаць усё нанова, запэўніў Святы Айцец. 

“У пятнаццатым раздзеле Евангелля св. Лукі мы знаходзім тры прыпавесці аб міласэрнасці: аб згубленай авечцы (Лк 15, 4-7), знойдзенай манеце (Лк 15, 8-10), а таксама вялікую прыпавесць пра марнатраўнага сына і міласэрнага бацьку (Лк 15, 11-32), - нагадаў Папа. - Як выдатна было б сёння, калі б кожны з нас узяў Евангелле, гэты пятнаццаты радзел Евангелля св. Лукі, і прачытаў тры гэтыя прыпавесці. На велікапосным шляху Евангелле прапануе нам менавіта гэту апошнюю прыпавесць, галоўным героем якой з’яўляецца бацька двух сыноў. Апавяданне дазваляе нам зразумець некаторыя яго асаблівасці: гэта чалавек, заўсёды гатовы дараваць, чалавек, які мае надзею супраць усякай надзеі. Уражвае, перш за ўсё, яго цярпімасць ва ўмовах рашэння малодшага сына пакінуць дом: ён мог супраціўляцца, ведаючы, што той усё яшчэ нясталы, малады хлопец; мог знайсці адваката, каб не перадаць яму маёмасці, бо быў яшчэ жывы. Тым не менш, дазволіў яму ад’ехаць, хоць ведаў пра магчымыя рызыкі. Так паступае і Бог адносна нас: дазваляе нам карыстацца нашай свабодай, нават здзейсніць памылку, таму што ствараючы нас, даў нам велічны дар свабоды. Ад нас залежыць яго добрае выкарыстанне. Гэты дар свабоды, які дае нам Бог, заўсёды дзівіць мяне!

Але разлука з сынам толькі фізічная; бацька заўсёды носіць яго ў сваім сэрцы; ўпэўнена чакае яго вяртання; аналізуе шлях, захоўваючы надзею, што убачыць яго. І аднойчы ён убачыў, што той з’явіўся, калі быў яшчэ далёка (пар. Лк 15, 20). А гэта значыць, што бацька штодня выходзіў на дарогу і глядзеў, ці не вяртаецца сын. Бачачы яго, зжаліўся і выбег яму насустрач, абняў яго і пацалаваў. Колькі тут пяшчоты! Хоць сын быў вінаваты ў сур’ёзных рэчах, бацька прывітаў яго з распасцёртымі абдымкамі.

Такі ж падыход бацька мае і да старэйшага сына, які заўсёды быў дома, а цяпер абураны пратэстуе, таму што не разумее і не падзяляе ўсёй дабрыні ў адносінах да брата, які заблудзіў. Бацька ідзе таксама на сустрэчу з гэтым сынам і нагадвае яму, што яны заўсёды былі разам, усё маюць супольнае (Лк 15, 31), але трэба з радасцю прыняць брата, які, нарэшце, вярнуўся дадому. 

І гэта прымушае мяне думаць пра адно: калі хтосьці адчувае сябе грэшнікам, адчувае, што ён на самой справе нічога не значыць, або, як чуў ад людзей: “Ойча ў ва мне адзін бруд”. Гэта момант, калі трэба ісці да Айца. Але калі хтосьці адчувае сябе праведнікам – “я заўсёды добра рабіў”, – таксама і ў такім выпадку Айцец выходзіць шукаць нас, таму што такое стаўленне, адчуванне сябе справядлівым, гэта стаўленне дрэннае: гэта пыха. Яна зыходзіць ад д’ябла. Айцец чакае тых, хто прызнае сябе грэшнікам і ідзе шукаць тых, хто адчувае сябе праведнікам. Вось такі наш Айцец!

У гэтай прыпавесці можна заўважыць і ўтоенага трэцяга сына! Трэці сын? Дзе ён? Гэта той, хто “будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі” (Флп 2, 6-7). Сын-Слуга з’яўляецца працягам рукі і сэрца Айца: Гэта Ён прыняў марнатраўнага сына і вымыў яго брудныя ногі; гэта Ён падрыхтаваў пачастунак на свята прабачэння. Ён, Езус вучыць нас быць “міласэрнымі, як і Айцец”.

Асоба бацькі ў прыпавесці раскрывае сэрца Бога. Ён – міласэрны Айцец, які ў Езусе любіць нас звыш усякай меры, заўсёды чакае нашага вяртання, кожны раз, калі мы заблудзім; чакае нашага вяртання, калі мы адыходзім, думаючы, што можам абысціся без Яго; Ён заўсёды гатовы распасцерці свае рукі, што б ні здарылася. Як і бацька з Евангелля, Бог працягвае лічыць нас сваімі дзецьмі, калі мы згубімся, і выходзіць нам насустрач з пяшчотай, калі вяртаемся да Яго. І звяртаецца да нас з вялікай дабрынёй, калі мы думаем, што мы праведнікі. Памылкі, якія мы здзяйсняем, нават калі яны вялікія, не падрываюць вернасці яго любові. У сакрамэнце паяднання мы заўсёды можам пачаць нанова. Ён прымае нас і аднаўляе ў нас годнасць сваіх дзяцей, і кажа нам: “Ідзі наперад! Заставайцеся ў спакоі! Устань, ідзі наперад!”.

У гэты перыяд Вялікага посту, які аддзяляе нас ад Вялікадня, мы павінны актывізаваць наша духоўнае падарожжа навяртання. Давайце дазволім, каб да нас прыйшоў любячы позірк нашага Айца, і навернемся да Яго ўсім сэрцам, адпрэчваючы любыя кампрамісы з грахом. Няхай нам спадарожнічае Дзева Марыя і вядзе нас да адраджальных абдымак Божай Міласэрнасці”, - сказаў Папа.

На заканчэнне сваёй сустрэчы з вернікамі, Францішак папрасіў аб малітве за сябе і сваіх супрацоўнікаў напярэдадні велікапосных рэкалекцый.








All the contents on this site are copyrighted ©.