2016-03-05 11:40:00

Папа: смерць законніц у Емене – д’ябальскі акт насілля


Францішак глыбока засмучаны навіной аб забойстве чатырох законніц з Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Божай Любові і дванаццаці іншых асоб, падчас тэрарыстычнага нападу на дом састарэлых у горадзе Адэн у Емене, які адбыўся 4 сакавіка 2016 г. У спачувальнай тэлеграме, скіраванай за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна, Францішак запэўніў у сваёй малітве сем’і ахвяраў “гэтага бяздумнага і д’ябальскага акту насілля”.

Святы Айцец пажадаў, каб тое, што адбылося “абудзіла сумленні, кіравала да перамены сэрца і натхніла ўсе бакі скласці зброю і стаць на шлях дыялогу”. У імя Бога ён заклікаў усіх “адмовіцца ад насілля, аднавіць асабістыя высілкі на карысць насельніцтва Емена, асабліва самага патрабуючага”, якому намагаліся служыць місіянеркі Маці Тэрэзы з Калькуты. 

Законніцы, забітыя тэрарыстамі, паходзілі з розных краін: дзве з Руанды, іншыя з Індыі і Кеніі. Злачынцы, якія здзейнілі забойства, выкралі пажылога індыйскага салезіяніна, які жыў у доме састарэлых з верасня 2015 г., пасля таго, як касцёл, у якім ён быў да гэтага пробашчам, быў спалены экстрэмістамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.