2016-03-03 14:41:00

Святы Пасад і Усходні Тымор працягваюць супрацоўніцтва


3 сакавіка 2016 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра Дэмакратычнай Рэспублікі Усходні Тымор Руя Марыя дэ Араўжу. Пазней палітык сустрэўся і з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, якога суправаджаў падсакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі кс. Антуан Камельеры.

У ходзе сардэчных перамоў адзначаўся добры стан адносін паміж Святым Пасадам і Усходнім Тыморам, а таксама гістарычны ўклад Касцёла ў будаванне краіны і супрацоўніцтва з грамадзянскімі ўладамі ў розных сацыяльных сферах, такіх як адукацыя, ахова здароўя і барацьба з беднасцю.

Напрыканцы сустрэчы з кардыналам Дзяржсакратаром адбыўся абмен ратыфікацыйнымі граматамі Пагаднення паміж Апостальскай Сталіцай і Дэмакратычнай Рэспублікай Усходні Тымор, падпісанага ў Дылі 14 жніўня 2015 г. Пагадненне складаецца з прэамбулы і 26 артыкулаў і прадугледжвае прызнанне юрыдычнага статуса Касцёла і яго структур, а таксама гарантуе Касцёлу свабоду выканання ўласнай місіі на карысць насельніцтва краіны.

Падчас цырымоніі кардынал Паралін падкрэсліў, што Пагадненне стала “плёнам шматгадовых перамоў, якія вяліся ў супольным духу дыялогу, супрацоўніцтва і пастаяннага пошуку найбольш адпаведных юрыдычных інструментаў, якія б дазволілі прызнанне з боку дзяржавы служэння, якое Каталіцкі Касцёл здзяйсняе на карысць насельніцтва Усходняга Тымору”. Яно “тычыцца духоўнай сферы, а таксама адукацыі, салідарнасці, дапамогі самым слабым і іншай шырокай дзейнасці, якая станоўча ўплывае на інтэгральнае развіццё” народу.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы падкрэсліў, што Касцёл не шукае для сябе асаблівых прывелеяў, але жадае рабіць свабодны і плённы ўнёсак у будаванне больш гарманічнага, натхнённага справядлівасцю і мірам грамадства.








All the contents on this site are copyrighted ©.