2016-03-03 12:16:00

Папа заклікаў Францыю да “здаровай свецкасці”


Папа Францішак перакананы, што Францыя мае патрэбу ў “здаровай свецкасці”, пра што сказаў дэлегацыям палітычнага руху “Poissons roses” і грамадскай арганізацыі “Esprit civique” – аб’яднанняў сацыялістычнай накіраванасці, інспіраваных хрысціянскімі каштоўнасцямі. Пантыфік прыняў іх на аўдыенцыі ў Ватыкане 1 сакавіка 2016 г. па просьбе арцыбіскупа Ліёна, кардынала Філіпа Барбарэна. 

Звяртаючыся да сваіх гасцей Святы Айцец адзначыў, што “здаровая свецкасць заўсёды адкрытая на ўсе формы трансцэндэнтнасці, паводле розных рэлігійных і філасофскіх традыцый”. Нават атэіст можа мець унутранае жыццё, заўважыў ён і дадаў, што “пошук трансцэндэнтнасці з’яўляецца не толькі фактам, але і абавязкам”.

Пантыфік крытычна ахарактарызаваў свецкасць, якая грунтуецца на філасофіі эпохі Асветы і разглядае рэлігію ў якасці субкультуры. Паводле Папы, Францыя яшчэ не дыстанцыявалася ад гэтай сваёй спадчыны. У той жа час, ён падкрэсліў, што ў сучасным свеце “дзяржава павінна быць свецкай”.

Святы Айцец назваў ідэалогіі атрутай. “Кожны мае права быць левым ці правым. Але ідэалогія пазбаўляе свабоды”, - дадаў ён.

Адказваючы на пытанне аб сваім бачанні будучыні Еўропы і яе тоеснасці, Францішак звярнуў увагу на ролю арабскага фактару, значэнне якога пастаянна ўмацоўваецца. Тым не менш, “на працягу гісторыі Еўропа заўсёды была здольнай ўзяць сябе ў рукі, ісці наперад, каб стаць больш шырокай дзякуючы міжкультурнаму абмену”, адзначыў Папа і пажадаў, каб Еўропа здолела захаваць свае культурныя карані. Ён выказаў шкадаванне з той прычыны, што сёння складана знайсці палітыкаў узроўню Рабера Шумана і Конрада Адэнаўэра .








All the contents on this site are copyrighted ©.