2016-03-02 12:03:00

Ідэі няспыннай малітвы за Беларусь – роўна год


Роўна год таму сярод беларускіх вернікаў нарадзілася ідэя няспыннай, кругласуткавай малітвы за краіну. Гэта непарыўная малітоўная чарга, якая складаецца мінімум са 168 чалавек, кожны з якіх раз на тыдзень на працягу адной гадзіны моліцца за Радзіму – там, дзе ён ёсць, так як ён умее. 

Аб пражытым годзе бясконцай малітоўнай эстафеты Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё распавядае адна з ініцыятараў акцыі Вольга Севярынец. Яна бачыць яе вялікае значэнне: “Малітва за сваю зямлю – гэта абавязак кожнага верніка. Беларусь – гэта наш дом, краіна, якую мы атрымалі ад Госпада ў спадчыну. Так як мы молімся за свае сем’і, за блізкіх і родных, так мы павінныя маліцца і за сваю Радзіму. Беларусь патрабуе нашай малітвы”.

Цалкам у акцыі паўдзельнічала ўжо больш за 250 чалавек, хтосьці адыйшоў, але новыя малітоўнікі не перастаюць далучацца. Людзі моляцца паасобку, сем’ямі, супольнасцямі. Няспынная малітва аб’ядноўвае людзей розных узростаў, прафесій, інтарэсаў адной мэтай – выпрасіць у Добрага Бога шчасця для сваёй зямлі. Сярод малітоўнікаў большасць – гэта актыўная хрысціянская моладзь, якая разумее сілу малітвы і яе важнасць для краіны.

Няспынная малітва за Беларусь мае спіс найбольш надзённых інтэнцый сённяшняга часу: за адзінства, мір і супакой у краіне, за народ і павагу да беларускай мовы, за сем’і, ненароджаных дзяцей і за спыненне абортаў, за ацаленне ад алкагалізму, наркаманіі, таксікаманіі, гульняманіі, за ўсенароднае пакаянне ў грахах камунізму, абыякавасці і крадзяжу, за тое, каб Беларусь пазбавілася страху чалавечага і мела боязь Божую, за Цэрквы, моладзь і дзяцей, за ўсынаўленне сіротаў, аздараўленне хворых, за тых, хто ў патрэбе, за незалежнасць і цэласнасць Беларусі, за тое, каб хрысціянскія прынцыпы былі нормай жыцця ў Беларусі, за адказнасць ва ўсіх сферах жыцця Беларусі, за непарушнасць, любоў і вернасць у нашых сем’ях, за згоду паміж хрысціянамі Беларусі, за спыненне самагубстваў, за навяртанне Беларусі.

“Ахвотна запрашаем усіх жадаючых маліцца разам. Далучыцца да няспыннай малітвы за Беларусь можна праз сацыяльныя сеткі альбо адшукаўшы нумар арганізатараў у інтэрнэце. Разам мы зможам змяніць нашу краіну да лепшага. Бо малітва мае моц. Наша жыццё складаецца з гадзінаў. Але само яно – імгненне. Гадзіна, праведзеная ў малітве, не прападзе. Малітва – гэта тое, што мы можам і павінныя рабіць”, - лічыць Вольга.

Дарэчы, падобная малітоўная ініцыятыва існуе таксама ва Украіне, Аўстрыі і Польшчы, прычым у Польшчы такая малітоўная эстафета працягваецца ўжо больш за 50 гадоў. Зараз арганізатары малітвы за Беларусь распачынаюць чарговую акцыю-заклік “Далучайся!” з мэтай павялічыць колькасць удзельнікаў адной гадзіны да двух або трох, бо “там, дзе двое ці трое сабраныя ў Імя Маё, там і Я сярод іх”, сказаў Езус. Дастаткова папрасіць дапамогі, і людзі актыўна адгукаюцца. Арганізатары спадзяюцца, што так будзе і надалей.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.