2016-03-02 11:59:00

Папа: Касцёлу не патрэбны брудныя грошы


Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 2 сакавіка 2016 г. папа Францішак падкрэсліў, што міласэрны Бог, як сапраўдны Айцец, клапоціцца пра сваіх дзяцей, прабачае іх, выхоўвае і выпраўляе, калі робяць памылкі. Менавіта такім яго прадстаўляе кніга прарока Ісаі, на першых старонках якой, Бог, як “уважлівы і строгі Айцец, звяртаецца да Ізраэля, папракаючы Яго за нявернасць і сапсутасць, каб вывесці яго на шлях справядлівасці”.  

“Ён дапамагаў расці сваім дзецям, а зараз яны ўзбунтаваліся супраць Яго” – і ўсё гэта па прычыне граху. “Свабода стала прэтэнзіяй на аўтаномію і ганарыстасць, а пыха прывяла да супраціву і ілюзіі самадастатковасці”, нагадаў Папа. Ён дадаў, што што стан пакутаў і спустошанасці, у якім апынуўся Божы народ і яго зямля, з’яўляецца менавіта наступствам граху. 

“Дзе ёсць адмаўленне Бога, Яго айцоўства, больш няма магчымасці для жыцця. Жыццё губляе свае карані, усё здаецца сапсутным і спустошаным. Тым не менш, таксама і гэты балючы момант успрымаецца ў перспектыве збаўлення. Выпрабаванне было дадзена, каб народ мог адчуць горыч адкідання Бога і, такім чынам, сустрэцца з сумнай пустэчай выбару смерці. Пакуты – неад’емнае наступства аўтадэструктыўнага рашэння, што павінна прымусіць грэшніка задумацца, каб адкрыць яго на навяртанне і прабачэнне”, - лічыць Папа. Ён нагадаў, што Бог прабачае свой народ, удзяляе яму ласку і не знішчае, заўсёды пакідае адчыненай браму надзеі.

“Пан, у сваёй міласэрнасці, указвае шлях, які з’яўляецца не шляхам рытуальных ахвярапрынашэнняў, але шляхам справядлівасці. Культ крытыкаваўся не таму, што ён быў бескарысным сам па сабе, але таму, што замест таго, каб выражаць навяртанне, прэтэндаваў замяніць яго; і станавіўся, такім чынам, пошукам уласнай справядлівасці, ствараючы падманнае перакананне, што збаўляюць ахвяры, а не Божая міласэрнасць, якая даруе грэх”,  - сказаў Папа.

Францішак прывёў прыклад хворага чалавека, які, каб вярнуць здароўе, павінен пайсці да лекара, а не варажбіта. Таксама і за прабачэннем трэба звяртацца да Бога, сказаў ён. Людзі, аднак, часта выбіраюць памылковы шлях.

“Я думаю пра некаторых дабрачынцаў Касцёла, якія прыходзяць з ахвярай – “Вазьмі для Касцёла гэту ахвяру” – якая з’яўляецца вынікам крыві мноства людзей, падвергнутых эксплуатацыі, злоўжыванням, працоўнаму рабству за малыя грошы. Я кажу такім людзям: “Калі ласка, забяры свой чэк, спалі яго”. Божы народ, гэта значыць Касцёл, мае патрэбы не ў брудных грошах, але ў сэрцах, адкрытых на Божую міласэрнасць. Трэба прыходзіць да Бога з чыстымі рукамі, пазбягаючы зла і здзяйсняючы дабро і справядлівасць”, - сцвердзіў Пантыфік.

Напрыканцы аўдыенцыі Францішак нагадаў заклік прарока Ісаі: “Перастаньце чыніць зло, навучыцеся рабіць дабро. Шукайце правасуддзя, дапамагайце прыгнечанаму, абараняйце сірату, заступайцеся за ўдаву”. У гэтым кантэксце ён заклікаў падумаць пра шмалікіх бежанцаў, якія прыбываюць у Еўропу і не ведаюць куды ісці.








All the contents on this site are copyrighted ©.