2016-03-01 13:00:00

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння пра адносіны да Папы


“Казкамі” назваў кардынал Герхард Людвіг Мюлер меркаванні, што ў яго няма добрых адносін з Папам. У інтэрв’ю нямецкай газеце “Kölner Stadt-Anzeiger” прэфект Кангрэгацыі Веравучэння сказаў, што Францішак не з’яўляецца прадстаўніком тэологіі вызвалення; ён, перш за ўсё, пастыр. Гаворачы аб праграме ватыканскіх рэформ адзін з кіраўнікоў у Рымскай курыі адзначыў, што гэта не нейкая рэвалюцыйная навінка, але працяг лініі папярэднікаў Францішка.

“Асаблівай з’яўляецца яго харызма, з якой ён здольны ламаць блакады і цвёрдыя пазіцыі”, - адзначыў кардынал і дадаў: “Гэта проста геніяльна”. Сваю ролю побач з Пантыфікам ён акрэсліў, як “тэалагічную карэкцыю харызматычных парываў Папы”.

Кардынал Мюлер выключыў магчымасць допуску разведзеных, якія ўступілі ў новыя несакрамэнтальныя саюзы, да Святой Камуніі. Ён падкрэсліў, што гэтага не дазваляюць словы самога Езуса і іх каталіцкая інтэрпрэтацыя, што не дапускае прызнання другога сужэнства або другога партнёра ў сітуацыі, калі сужонак яшчэ жывы. Ватыканскі іерарх выказаў разуменне заклапочанасці Папы адносна людзей, якія жывуць ва ўмовах неўрэгуляваных сужэнскіх адносін і па гэтай прычыне могуць аддаліцца ад Касцёла. Ён заклікаў гэтых асоб знайсці “іншыя тэалагічна каштоўныя і згодныя з правам формы ўдзелу ў касцёльным жыцці”. “Камунія з Богам і Касцёлам існуе не толькі праз фізічнае прыняцце Святой Камуніі”, - падкрэсліў кардынал-прэфект.

Іерарх, каментуючы меркаванне, што пры пэўных умовах можа існаваць магчымасць допуску разведзеных, якія ўступілі ў новыя несакрамэнтальныя саюзы, да Святой Камуніі, сказаў: “Цяпер гэта магчыма толькі тады, калі пара жыве разам, як брат і сястра, і жыве ў сексуальнай абстыненцыі. Дзякуючы Божай ласцы, гэта магчыма”.








All the contents on this site are copyrighted ©.