2016-02-29 12:39:00

Пантыфік прыняў Патрыярха Эфіопскай Праваслаўнай Царквы


29 лютага 2016 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Прадстаяцеля Эфіопскай Праваслаўнай Царквы, Патрыярха Абуну Маціяса І. Папа адзначыў, што візіт іерарха ўмацуе сувязі паміж дзвюма Цэрквамі. Ён указаў на важнасць сведчання мучанікаў, чыя кроў з’яўляецца семем хрысціянскага адзінства, і спаслаўся на пакуты сённяшніх хрысціян на Блізкім Усходзе і ў некаторых частках Афрыкі. Святы Айцец заклікаў да мірнага суіснавання на аснове ўзаемнай павагі, прабачэння і салідарнасці. Ён падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва паміж Цэрквамі для агульнага дабра і абароны навакольнага асяроддзя.

Папа выказаў надзею на тое, што яго сустрэча з Абуну Маціясам І паспрыяе развіццю братэрскага сяброўства паміж Цэрквамі. “Мы разумеем, што гісторыя пакінула цяжар балючых непаразуменняў і недаверу, у сцвязі з якімі мы просім аб прабачэнні і Божым аздараўленні. Будзем маліцца адзін за аднаго, спасылаючыся на заступніцтва мучанікаў і святых для ўсіх вернікаў, давераных нашаму пастырскаму клопату”, - сказаў Францішак.

Эфіопская Праваслаўная Царква налічвае каля 35 млн. вернікаў. Патрыярх Абуна Маціяс І быў абраны яе кіраўніком 28 лютага 2013 г. Адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Эфіопскай Праваслаўнай Царквой сардэчныя і пастаянна ўмацоўваюцца. Папярэдні Патрыярх, Абуна Павел сустракаўся са св. Янам Паўлам ІІ у 1993 г., і з Бэнэдыктам XVI у 2009 г. Эфіопская Праваслаўная Царква прымае ўдзел у працы Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.