2016-02-27 13:34:00

Кардынал нагадаў пра тэрміновасць абароны прыроды


“Клопат аб стварэнні, як творы міласэрнасці” стаў тэмай сустрэчы ў амерыканскім Універсітэце Віланова ў Філадэльфіі, дзе сваімі думкамі пра ўзаемасувязь паміж аховай прыроды і міласэрнасцю падзяліўся кардынал Пітэр Тарксан.

Зыходным пунктам выступлення старшыні Папскай рады “Iustitia et Pax” перад студэнтамі і выкладчыкамі стаў фрагмент энцыклікт „Laudato si’”, у якім папа Францішак адзначае, што чалавечае жыццё заснавана на трох відах адносін: з Богам, бліжнім і зямлёй. Цяперашні крызіс, які мы назіраем, звязаны з тым, што чалавек занадта шмат эксплуатуе і не дастаткова абараняе навакольнае асяроддзе, што пагражае жудаснымі наступствамі для бедных і для ўсёй планеты.

У кантэксце Юбілейнага Года Міласэрнасці, які працягваецца ў Касцёле, кардынал Тарксан адзначыў, што ініцыятывы па абароне навакольнага асяроддзя павінны натхняцца стаўленнем евангельскага Добрага Пастыра, які клапоціцца пра сваіх авечак. У сваёй энцыкліцы Святы Айцец пытаецца: “Які свет мы хочам перадаць тым, хто будзе пасля нас, падрастаючым дзецям?”. Гэта памяць аб самых слабых заахвоціла Папу назваць “клопат аб нашым агульным доме” “восьмым учынкам міласэрнасці”. Такім чынам, хрысціянін, што ўдзельнічае ў абароне навакольнага асяроддзя, уключаецца ў вялікую справу міласэрнасці самога Створцы, звярнуў увагу ватыканскі кардынал.








All the contents on this site are copyrighted ©.