2016-02-26 14:06:00

Святы Пасад: праз адукацыю – ад вайны да міру


Паводле выконваючага абавязкі прадстаўніка Апостальскай Сталіцы пры структурах ААН у Нью-Ёрку, кс. Сымона Касаса, выключную ролю ў працэсе пераходу краін ад стану вайны да міру грае пашырэнне адукацыі. Ватыканскі дыпламат прыняў удзел у пасяджэнні Рады Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, прысвечанай праблемам адбудовы жыцця краін пасля вайсковых канфліктаў на іх тэрыторыях.

Кс. Касас заўважыў, што на працягу апошніх гадоў ААН прысвечае шмат увагі дапамозе краінам, якія перажылі ўзброенныя канфлікты. Узнікшыя для гэтай мэты структуры правялі велізарную працу, асабліва ў афрыканскіх краінах, але застаецца яшчэ вельмі шырокае поле для дзейнасці.

У гэтым кантэксце святар адзначыў важнасць пашырэння адукацыі, пра што неаднойчы казаў папа Францішак, у тым ліку ў сваёй мінулагодняй прамове ў ААН.

Прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў, што Апостальская Сталіца прыкладае шмат намаганняў для міру паміж народамі, а мясцовыя Касцёлы робяць уклад у прымірэнне паміж людзьмі ў сваіх краінах. Асабліва важную ролю тут адыгрываюць каталіцкія навучальныя ўстановы розных узроўняў – ад пачатковых школ да ўніверсітэтаў, якіх у свеце налічваецца каля 100 тыс. Каталіцкі Касцёл робіць таксама важны ўнёсак у сферу ахову здароўя, у прыватнасці праз свае больш чым 25 тыс. медыцынскіх установаў, якія працуюць на розных кантынентах, нагадаў ватыканскі дыпламат на форуме ААН.








All the contents on this site are copyrighted ©.