2016-02-22 11:08:00

Папа да Рымскай курыі: быць прыкладам для ўсіх


22 лютага 2016 г. у свята катэдры св. Пятра, апостала, у Ватыкане адбылося святкаванне Юбілею Міласэрнасці для супрацоўнікаў Рымскай курыі і структур злучаных з Апостальскай Сталіцай. Раніцай у Зале Паўла VI ватыканскія супрацоўнікі выслухалі духоўнае разважанне славенскага езуіта кс. Івана Рупніка, затым прайшлі працэсіяй праз Святы дзверы базылікі св. Пятра, дзе адбылася Эўхарыстыя з папам Францішкам.

Падчас гаміліі Пантыфік заклікаў прысутных адказаць для сябе на пытанне, якое Езус скіроўваў да сваіх вучняў: “А вы кім лічыце Мяне?”. Гэта “пытанне яснае і прамое, ад якога немагчыма ўцячы ці застацца нейтральным, адказ на якое немагчыма пераправіць ці дэлегаваць камусьці іншаму”. 

У гэтым пытанне няма нічога “інквізітарскага”. Наадварот: яно поўнае любові “нашага адзінага Настаўніка, які сёння кліча нас абнавіць веру ў Яго”, сказаў Папа. Першым, пакліканым адказаць на гэта пытанне, з’яўляецца Наступнік св. Пятра, які нясе на сябе адказнасць умацоўваць братоў, дадаў ён.

Святы Айцец заклікаў ватыканскіх служачых дазволіць, каб ласка Божая прасякнула іх сэрцы і адкрыла вусны на вызнанне веры. “Зробім нашымі словы Пятра: “Ты Хрыстус, Сын Бога жывога”. “Няхай нашы думкі і вочы будуць скіраваны на Езуса Хрыста, пачатак і канец кожнай дзеі Касцёла”, Ён – “камень”, на якім мы павінны будаваць, сказаў Пантыфік.

Ад вызнання веры нараджаецца заданне кожнага: адказаць на Божае пакліканне. “Ад пастыраў, перш за ўсё, патрабуецца мець у якасці прыкладу самаго Бога, які клапоціцца аб сваім статку”, - сказаў Святы Айцец і дадаў, што гэты клопат неабходна здзейсняць з вернай, пастаяннай і безумоўнай самааданасцю, каб усіх слабых магла дасягнуць Божая міласэрнасць. 
“Нам, пакліканым быць пастырамі ў Касцёле, карысна будзе таксама дазволіць, каб аблічча Бога Добрага Пастыра асвяціла нас, ачысціла, перамяніла і вярнула цалкам абноўленымі ў нашу місію”, - сказаў Папа. Душпастырскае пачуццё павінна прысутнічаць ў адносінах з усімі людзьмі, якіх сустракаем у штодзённай працы, каб кожны мог адчуць на сябе, перш за ўсё, удумлівы клопат Добрага Пастыра, дадаў ён.

“Мы пакліканы быць супрацоўнікамі Бога ў такой фундаментальнай і унікальнай справе, як сведчанне сваім жыццём аб сіле ласкі, якая перамяняе і моцы Духа, які аднаўляе. Дазволім, каб Пан вызваліў нас ад спакусы аддалення ад самага істотнага ў нашай місіі і адкрыем нанова прыгажосць вызнання веры ў Пана Езуса”, - сказаў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй гаміліі Папа нагадаў, што вернасць і міласэрнасць з’яўляюцца неад’емнымі паняццямі ў Святым Пісанні. Вернасць, паводле яго слоў, гэта дзейнасць згодна з сэрцам Хрыста. “Як пачулі ў словах апостала Пятра, мы павінны пасвіць статак са “шчодрай душой” і станавіцца “прыкладам” для ўсіх. Таму, “калі з’явіцца Найвышэйшы Пастыр”, мы зможам атрымаць “неўвядальны вянок славы”, закончыў папа Францішак.  








All the contents on this site are copyrighted ©.