2016-02-22 13:45:00

Кс. Ламбардзі завяршае служэнне на Ватыканскім радыё


З 1 сакавіка 2016 г. кс. Фэдэрыка Ламбардзі перастане займаць пасаду генеральнага кіраўніка Ватыканскага радыё, хоць надалей застанецца кіраўніком Залы Друку Апостальскай Сталіцы. Аб гэтым гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Сакратарыяту па камунікацыі Апостальскай Сталіцы, апублікаваным 22 лютага 2016 г. 

У ім адзначаецца, што новыя генеральны і адміністратыўны кіраўнікі Ватыканскага радыё прызначацца не будуць. Абавязкі прававога прадстаўніка і адміністратыўнага кіраўніка Ватыканскага радыё часова будзе выконваць італьянскі юрыст Джакама Гізані, які да гэтага часу з’яўляецца намеснікам кіраўніка Генеральнай дырэкцыі Сакратарыяту па камунікацыі і доўгі час працаваў у якасці кіраўніка Прававога аддзелу і Аддзелу па міжнародных адносінах Ватыканскага радыё.  

Кс. Фэдэрыка Ламбардзі быў праграмным дырэктарам Ватыканскага радыё з 1991 г., а генеральным дырэктарам з 2005 г. Ён завяршае сваё служэнне на гэтай пасадзе пасля чарговага пяцігадовага тэрміну.

Паводле паведамлення Сакратарыяту, персанальныя змены на Ватыканскім радыё з’яўляюцца часткай праекту рэформы медыйных структур Апостальскай Сталіцы, якая прадугледжвае іх больш шырокую інтэграцыю. 

Адзначаецца, што з 1 студзеня 2016 г. на ўзроўні адміністравання і менеджменту былі аб’яднаны Папская рада па сродках масавай камунікацыі і Зала Друку Апостальскай Сталіцы. На працягу гэтага году будзе адбывацца працэс аб’яднання Ватыканскага радыё і Ватыканскага тэлевізійнага цэнтру.

Працэс інтэграцыі ватыканскіх СМІ тычыцца: Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, Залы Друку Апостальскай Сталіцы, Ватыканскай інтэрнэт-службы, Ватыканскага радыё, Ватыканскага тэлевізійнага цэнтру, газеты “L’Osservatore Romano”, Ватыканскай тыпаграфіі, Ватыканскай фотаграфічнай службы, Ватыканскага выдавецтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.