2016-02-22 12:01:00

Ватыканская бібліятэка прадставіць "Юбілейную" гравюру


24 лютага 2016 г. у Ватыканскай Апостальскай бібліятэцы адбудзецца прэзентацыя гравюры, вырабленай з нагоды Юбілейнага Году Міласэрнасці. У падзеі прыме ўдзел бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

Памятныя гравюры вырабляюцца ў Ватыканскай бібліятэцы да ўсіх вялікіх падзей у гісторыі Касцёла. “Юбілейны” графічны твор выканалі італьянскія мастакі Пьерлуіджы Ісола і Патрыцыё Дзі Шула. Іх выбар адбыўся дзякуючы дыялогу, які Папская бібліятэка вядзе з сучасным мастацтвам, распавяла Барбара Ята, куратар праекта.

На гравюры прысутнічаюць выявы панарамы Рыма, чатырнаццаці ўчынкаў міласэрнасці, прадстаўленых у выглядзе алегорый, а таксама Святых дзвярэй, якія на працягу Юбілейнага году адчыніў папа Францішак. Паводле аўтараў праекту, ён павінен праз мастацтва прадэманстраваць пасланне Году Міласэрнасці.

Гравюры будуць выдадзены абмежаваным накладам – усяго 200 экзэмпляраў. Частку з іх Святы Айцец будзе ўручаць асобам, якіх будзе прымаць з візітамі. Іншая частка з’явіцца ў продажы, як плён дзейнасці Апостальскай бібліятэцы. Дзве “Юбілейныя” гравюры ўжо былі падараваны Дзяржсакратарыятам Яго Святасці Папы: князю Манака, Альберу ІІ і Прэзідэнту Ірана, Хасану Рухані.








All the contents on this site are copyrighted ©.