2016-02-19 13:59:00

Папскі прапаведнік распачаў серыю велікапосных казанняў


Сваё першае велікапоснае казанне прапаведнік Папскага Дома айцец Раньера Канталамеса прысвяціў разважанням аб адарацыі ў Духу Святым і праўдзе, а таксама аб месцы Духа Святога ў літургіі. Для гэтага ён звярнуўся да саборнай Канстытуцыі “Sacrosanctum Conciium”, падкрэсліўшы, што “калі і ёсць пытанне, адносна якога тэалогія і жыццё Каталіцкага Касцёла ўзбагацілася за 50 гадоў, што мінулі з таго часу, то гэта, несумненна, разуменне Духа Святога”.

Як перажываць Літургію, каб яна сапраўды выконвала сваю першасную, душаасвячальную функцыю? Перш за ўсё, маліцца “ў Духу”, як заклікаў вернікаў апостал Павел. Гэта значыць, дазволіць Езусу працягваць выкананне святарскай паслугі ў Яго целе, якім з'яўляецца Касцёл. Святы Дух, па словах айца Канталамесы, узмацняе нашу “слабую” малітву, асвятляе яе і становіцца яе душой. “Без Духа ўсё ў літургіі – гэта толькі памяць; з ім – яшчэ і прысутнасць”, - сказаў ён.

Трэба памятаць, што трыадзіны характар маюць і Эўхарыстычная малітва, бо накіравана да “Айца праз Сына ў Духу Святым”, і заступніцкая малітва, якая азначае яднанне ў веры з Хрыстом, Які няспынна заступаецца за ўвесь свет. Прапаведнік падкрэсліў, што эфектыўнасць заступніцкай малітвы залежыць не ад колькасці прамоўленых слоў, але ад колькасці святых заступнікаў, да якіх звяртаемся. Іх становіцца больш таксама тады, калі молімся за іншых. Такая малітва пазбаўлена эгаізму і таму так моцна падабаецца Богу.

Айцец Канталамеса заклікаў засяродзіцца над словамі, што прамаўляе святар падчас Эўхарыстычнай малітвы: “Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце...”. Менавіта яны, на думку папскага прапаведніка, найлепшым чынам  адлюстроўваюць важнае месца Духа Святога ў літургіі і яе “трынітарнасць”.








All the contents on this site are copyrighted ©.