2016-02-18 11:50:00

Святы Айцец: сучасныя рабаўладальнікі адкажуць перад Богам


Адсутнасць устойлівай працы – гэта адзін з самых моцных бічоў, які б’е па  мексіканскай моладзі, таму што беднасць, выкліканая беспрацоўем, можа стаць прыдатнай глебай для росквіту наркатрафіку і насілля, сказаў папа Францішак 17 лютага 2016 г. падчас сустрэчы з прадстаўнікамі свету працы ў мексіканскім Сьюдад-Хуарэс.

Паводле Святога Айца, актуальным выклікам з’яўляецца інвеставанне ў людзей і пераадоленне дамінуючай парадыгмы экаманічнага ўтылітарызму. “Сучаснасць і будучыня Мексікі не можа быць застаўлена самой сабе”, - сказаў Папа, маючы на ўвазе мексіканскую моладзь. Мадэль эканамічнага ўтылітарызму, як аснова чалавечых адносін, не толькі правакуе “страту этычнага вымярэння”, але і ігнаруе сапраўднае багацце, якім з’яляюцца людзі, дадаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што пануючая ментальнасць, якая падпарадкоўвае людзей фінансам, часта вядзе да эксплуатацыі работнікаў, якіх лічаць аб’ектамі разавага карыстання. Такім чынам, капітал абумоўлівае жыццё людзей і дэфармуе грамадства. “Рабаўладальнікі нашых дзён адкажуць перад Богам, а мы павінны рабіць усё магчымае, каб такіх сітуацый больш не было”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў не аддаваць будучыню краіны ў рукі карупцыі, насілля, адсутнасці роўнасці, а працадаўцаў і работнікаў быць заўсёды гатовымі да дыялогу паміж сабой.

Папа пажадаў мексікансцам марыць пра краіну, у якой дарослыя будуць мець час для сваіх дзяцей. “Запрашаю вас марыць аб Мексіцы, якой вашы дзеці заслугоўваюць”, - сказаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.