2016-02-18 10:36:00

На заканчэнне візіту ў Мексіку Папа маліўся за мігрантаў


Папа Францішак скіраваў зварот супраць эксплуатацыі мігрантаў, бедных і жанчын. 17 лютага 2016 г. ён цэлебраваў св. Імшу ў мексіканскім Сьюдад-Хуарэс, на алтары, устаноўленым у 80 метрах ад мяжы са Злучанымі Штатамі Амерыкі. У літургіі з Пантыфікам прынялі ўдзел сотні тысяч вернікаў. Перад яе пачаткам Францішак памаліўся каля вялікага драўлянага крыжа, устаноўленага ў памяць аб мігрантах, якія загінулі падчас спробаў пераадолець мяжу. З амерыканскага боку памежнай паласы ў св. Імшы прынялі удзел каля 50 тыс. вернікаў.

“Ніколі больш не павінна быць смерцяў і эксплуатацыі. Заўсёды ёсць час, каб змяніць сітуацыю, заўсёды ёсць шлях і магчымасці, заўсёды ёсць час, каб прасіць аб міласэрнасці Айца”, - сказаў Папа.

Францішак звярнуў увагу на існаванне сапраўднага гуманітарнага крызісу, які на працягу апошніх гадоў пазначыў працэс міграцыі тысяч людзей, што здзяйсняюць свае падарожжы на цягніках, аўтамабілях, але і пешшу, праходзячы сотні кіламетраў праз горы і пустыні, негасціннымі шляхамі. 

Акрамя законнай міграцыі, развілася вялікая злачынная сетка, у якую трапляюць самыя бедныя. І яны пакутуюць не ад беднасці, але, перш за ўсё, ад насілля. У сапраўднае “гарматнае мяса” ператвараецца моладзь, якая сустракаецца з пераследам і пагрозамі, здзяйсняючы спробы вырвацца са спіралі насілля і пекла наркотыкаў, падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў працу шматлікіх грамадскіх арганізацый, якія дзейнічаюць у сферы абароны правоў мігрантаў, а таксама святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў, якія прысвячаюць свой час абароне жыцця іншых, часта рызыкуючы ўласным. Ён назваў іх “прарокамі міласэрнасці”, якія дапамагаюць Касцёлу працягваць сваю руку перад самымі патрабуючымі.

Напрыканцы сваёй прамовы Францішак нагадаў пра каштоўнасць маладых пакаленняў, якія з’яўляюцца надзеяй краіны. “Ноч можа здавацца бясконцай і вельмі цёмнай”, але “ёсць шмат променяў, якія абвяшчаюць надзею”, - сказаў ён.

Пасля св. Імшы, Францішак накіраваўся ў аэрапорт імя Абрагама Гансалеса, адкуль вылецеў у Рым, завяршаючы сваё дванаццатае Апостальскае падарожжа.








All the contents on this site are copyrighted ©.