2016-02-17 15:12:00

Апошні дзень візіту ў Мексіку Папа правядзе на ўскраінах


17 лютага 2016 г., у апошні дзень свайго Апостальскага падарожжа ў Мексіку, папа Францішак здзейсніць візіт на поўнач краіны – у горад Сьюдад-Хуарэс, які знаходзіцца ў штаце Чыўаўа, на мяжы са Злучанымі Штатамі Амерыкі. 

Горад ляжыць на сапраўднай перыяферыі, як у геаграфічным, так і сацыяльным сэнсе. Штодзённа сюды накіроўваюцца тысячы мігрантаў з усёй Лацінскай Амерыкі з надзеяй патрапіць на іншы бок мяжы і пачаць ажыццяўляць сваю “амерыканскую мару”. Аднак, на гэтай пустыннай тэрыторыі дзейнічае мноства гандляроў людзьмі, крымінальных груповак, якія займаюцца вымагальніцтвам і кантрабандай наркотыкаў. У рэгіёне пануе высокі ўзровень злачыннасці і насілля. 

Святы Айцец прыбудзе сюды на самалёце з Мехіка, пераадолеўшы амаль 1,5 тыс. км. Першым пунктам яго прабывання ў Сьюдад-Хуарэс стане мясцовы “Цэнтр сацыяльнай рэабілітацыі” – пэнітэнцыярная ўстанова, высока адзначаная за павагу да міжнародных стандартаў у сферы выпраўленчага тыпу. Тут з папам Францішкам сустрэнуцца і памоляцца амаль 700 вязняў. На сустрэчу запрошаны таксама члены іх сем’яў і супрацоўнікі пенітэнцыярнай установы.

Затым, на папамабілі, Святы Айцец накіруецца ў мясцовы прафесійны каледж, у якім сустрэнецца з прадстаўнікамі свету працы. У спатканні з Папам прымуць удзел каля 3 тыс. чалавек.

Кульмінацыяй усяго візіту стане св. Імша, якую Пантыфік будзе цэлебраваць на алтары, устаноўленым у 80 метрах ад металічнай агароджы, якая раздзяляе Мексіку і ЗША. Цікава, што ўдзел у Эўхарыстыі прымуць вернікі з абодвух бакоў мяжы.

Пасля літургіі Францішак накіруецца ў аэрапорт імя Абрагама Гансалеса, адкуль вылеціць у Рым.








All the contents on this site are copyrighted ©.