2016-02-16 16:31:00

Францішак да духавенства: не будзьце функцыянерамі культу


“Скажы мне, як ты молішся і я скажу, як ты жывеш. Скажы мне як ты жывеш, і я скажу, як ты молішся”, - гэта прыслоўе папа Францішак нагадаў мексіканскім святарам, кансэкраваным асобам і семінарыстам падчас св. Імшы з іх удзелам 16 лютага 2016 г. на гарадскім стадыёне горада Марэлія, у 210 км ад Мехіка. Пантыфік нагадаў, што сам Езус жыў молячыся і маліўся жывучы, і заклікаў сваіх вучняў наследаваць гэты Яго прыклад.

Францішак заклікаў духоўных асоб да сустрэчы з міласэрнай любоўю Бога ў сваім жыцці і увайсці ў дынаміку сыноўскіх адносін з Езусам. “Гора нам, калі не ўдзельнічаем у Яго Боскім жыцці”, калі “не з’яўляемся сведкамі таго, што бачылі і што чулі”. Пантыфік нагадаў, што святарскае і манаскае пакліканне заключаецца не ў тым, каб быць функцыянерамі культу, але каб удзельнічаць у Божым жыцці, набліжаць людзей да Яго. Місія, гэта жыццё малітвай “Ойча наш”, лічыць Папа.

Святы Айцец закрануў тэму спакусаў, з якімі могуць сустракацца духоўныя асобы. Першая з іх – стомленасць. Францішак назваў яе “адной з самых любімых зброяў сатаны”. Бо менавіта стомленасць паралізуе і перашкаджае ісці наперад шляхам Хрыста, прапаведваць і праслаўляць Бога, праектаваць, рызыкаваць і змяняць рэчы.

Перад абліччам спакусаў Папа заклікаў звяртацца да памяці. “Не ўсё пачалося з намі і не ўсё закончыцца з намі, таму вельмі карысна ўзгадаць гісторыю, якая нас прывяла сюды”, - падкрэсліў ён і заклікаў мексіканскае духавенства натхняцца прыкладам місіянераў, якія прынеслі Евангелле на тэрыторыю краіны і сваім прыкладам навучылі жыць паводле Божага сыноўства.








All the contents on this site are copyrighted ©.