2016-02-15 16:59:00

Сакратар ватыканскай камісіі пра Касцёл у Мексіцы


Мексіканцы ў гэтыя дні сталі вялікімі сведкамі сваёй веры і жывой рэлігійнасці. Перад іх верай, аднак, стаіць цэлы шэраг выклікаў, адзначыў прафесар Гусман Карыкіры Лекур, сакратар Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі. Ён суправаджае Пантыфіка ў бягучай паездцы. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё ён падкрэсліў, што мексіканскія католікі павінны прымаць больш актыўны ўдзел у вырашэнні праблем сваёй краіны.

“Не можна задаволіцца ўжо здабытай спадчынай, якая можа знікнуць пад уплывам секулярызацыі”, - сказаў Карыкіры Лекур. На яго думку, Касцёл у Мексіцы павінен смела адказваць на праблемы гэтай вялікай краіны. “Тут існуюць бязмежныя багацці, і, разам з тым, рэгіёны вельмі адсталыя, дзе пануе крайняя беднасць. Некаторыя раёны ўсё больш і больш эксплуатуюцца. Як правіла, у бедных мясцінах жывуць карэнныя народы. Акрамя таго, на працягу многіх гадоў Мексіка перажывае драму насілля, вынікам якога сталі дзясяткі тысяч смерцяў, а таксама праблему наркатрафіку, які ўзмацняе гэта насілле”, - сказаў сакратар Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.