2016-02-12 23:45:00

Францішак і Кірыл абмеркавалі шэраг будучых ініцыятыў


“Я запэўніваю, што ў гэтым дыялогу я адчуваў прысутнасць Святога Духа”, - сказаў Пантыфік 12 лютага 2016 г. пасля сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім і падпісання сумеснай з ім дэкларацыі. Францішак прызнаўся, што размова вялася ў братэрскай і вельмі шчырай атмасферы. 

Ён выказаў удзячнасць Патрыярху Кірылу за “пакору і намаганні”, прыкладзеныя для “сумеснага пошуку адзінства”. “Мы разам абмеркавалі шэраг ініцыятыў, якія, я думаю, будзе магчыма з часам рэалізаваць”, дадаў Святы Айцец. Ён падзякаваў таксама ўсім хто прычыніўся да арганізацыі сустрэчы, у прыватнасці кіраўніку Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліту Іларыёну, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардыналу Курту Коху за намаганні, а кубінскаму палітычнаму кіраўніцтву за адкрытасць. “Калі так будзе працягвацца ў будучыні, Куба можа стаць сталіцай дыялогу”, - сказаў папа Францішак.

Патрыярх Кірыл назваў двухгадзінную размову “адкрытай і братэрскай”, якую Прадстаяцелі правялі “з поўным разуменне адказнасці за свае Цэрквы”, “за будучае хрысціянства” і “за будучае чалавечай цывілізацыі”. Размова дала магчымасць “зразумець і адчуць пазіцыі адно аднаго”. На думку Патрыярха, вынікі сустрэчы даюць магчымасць сцвердзіць, што “дзве Царквы могуць актыўна працаваць, абараняючы хрысціян па ўсім свеце, з поўнай адказнасцю працаваць для таго, каб не было вайны, паўсюль шанавалася чалавечае жыццё, узмацняліся асновы асабістай, сямейнай і грамадскай маралі, каб праз удзел Царквы ў жыцці сучаснага грамадства праслаўлялася Насвяцейшае і Благаславеннае Імя Айца і Сына, і Святога Духа”.








All the contents on this site are copyrighted ©.