2016-02-12 10:27:00

Францішак пачаў сваё падарожжа ў Мексіку


12 лютага 2016 г. папа Францішак пачаў сваё дванаццатае Апостальскае падарожжа. Раніцай Пантыфік прыбыў у рымскі аэрапорт “Fiumicino”, адкуль бортам італьянскай авіякампаніі “Alitalia” накіраваўся на Кубу, дзе пройдзе яго гістарычная сустрэча з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Затым Святы Айцец працягне палёт у напрамку галоўнай мэты свайго падарожжа – Мексікі. 

Візіт папы Францішка праходзіць пад дэвізам: “Місіянер міласэрнасці і спакою”. За дзень да яго пачатку Пантыфік па традыцыі наведаў Рымскую базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе папрасіў Маці Божую аб добрых плёнах свайго падарожжа. 

Акрамя сталіцы краіны – Мехіка – Папа наведае яшчэ пяць мексіканскіх гарадоў, пераадолеўшы ў агульнай колькасці каля 3600 км, з якіх амаль 400 км на папа-мабіле, улічваючы вялікую колькасць вернікаў, жадаючых прывітаць Наступніка св. Пятра на сваёй зямлі. 

У рамках візіту Святы Айцец памоліцца ў галоўным лацінаамерыканскім санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай, сустрэнецца з мігрантамі на мяжы са Злучанымі Штатамі Амерыкі, карэнным індзейскім насельніцтвам у штаце Ч’япас, наведае адну з самых строгіх турмаў у краіне. У св. Імшы з папам Францішкам, у горадзе Сьюдад-Хуарэс, прымуць удзел сваякі некаторых з амаль 27 тыс. ахвяраў войнаў паміж наркартэлямі, а таксама насілля ў адносінах да жанчын – сумнага феномену распаўсюджанага ў Мексіцы.У праграму візіта Святога Айца ўключанага таксама сустрэча з мексіканскім духавенствам, сем’ямі і моладзю, хворымі і прадстаўнікамі свету працы.

Добраму правядзенню Апостальскага падарожжа дапамагаюць амаль 400 валанцёраў, а за бяспекай, падчас візіту высокага госця, сочаць каля 20 тыс. праваахоўнікаў. Для ўдзелу ў цэлебрацыях з папам Францішам распаўсюджана каля 1,1 млн. білетаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.