2016-02-11 14:10:00

Фірмы і прыватныя асобы спансіруюць візіт Папы ў Мексіку


Другі ў спісе самых багатых людзей свету, мексіканскі мільярдэр Карлас Слім з’яўляецца адным са спонсараў папскага візіту ў Мексіку. Ён пачнецца 12 лютага 2016 г. вечарам па мясцовым часе і будзе доўжыцца да 17 лютага. Францішак наведае шэсць гарадоў: сталіцу Мехіка, Экатепек, Сан-Крыстабаль-дэ-Лас-Касас, Тустла Гут’ерэс, Марэль і Сьюдад-Хуарэс.

Генеральны каардынатар візіту Святога Айца, біскуп Эухеніа Ліра патлумачыў, што фінансавую падтрымку арганізацыі падарожжа аказалі некалькі кампаній і прыватных асоб. Напрыклад, пералёты гарантуе авіякампанія “Aeroméxico”, пераезды аўтамабілямі – кампанія “Crysler” з ЗША, экраны і гукавое абсталяванне падчас літургічных цырымоній з удзелам Папы фінансуе мексіканскі банк “Banorte”. Тэлекамунікацыйная кампанія “Telmex”, якая належыць Сліму, арганізуе працу прэс-цэнтраў і праложыць камунікацыі, неабходныя для перадачы тэле- і радыёсігнала.

Іерарх дадаў, што Францішка будуць прымаць ў якасці кіраўніка дзяржавы Ватыкан, таму афіцыйныя цырымоніі з яго удзелам будуць фінансавацца за кошт федэральнага ўрада Мексікі, дзяржаўных і муніцыпальных уладаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.