2016-02-10 12:42:00

Папа: Юбілей Міласэрнасці павінен прыйсці ў кішэні


Агульную аўдыенцыю, якая прайшла 10 лютага 2016 г. у Ватыкане, папа Францішак прысвяціў біблійнаму кантэксту Юбілею Міласэрнасці, які працягваецца ў Касцёле. Ён заўважыў, што Кніга Левіта прадстаўляе гэту падзею ў якасці кульмінацыйнага моманту рэлігійнага і грамадскага жыцця ізраільскага народа.

Юбілейны год для выбранага народа быў свайго роду “усеагульнай амністыяй”, якая давала магчымасць усім вярнуцца да свайго першапачатковага стану, прадугледжвала адмену пазыкаў, вяртанне зямлі і магчымасць зноў радавацца свабодзе, уласцівай Божаму народу. Юбілеі служылі барацьбе з беднасцю і няроўнасцю, гарантуючы годнае жыццё і роўнае размеркаванне зямлі ўсім, нагадаў Святы Айцец. 

“З юбілеем, той, хто стаў бедным вяртаўся да валодання тым, што неабходна для жыцця, а хто станавіўся багатым, вяртаў бедным тое, што ад іх узяў. Мэтай, было грамадства заснаванае на роўнасці і салідарнасці, у якім свабода, зямля і грошы станавіліся дабром для ўсіх, а не толькі для некаторых, як адбываецца сёння. Калі я не памыляюся, лічбы не дакладныя, але больш-менш каля 80% багаццяў чалавецтва знаходзіцца ў руках 20% насельніцтва. Гэты Юбілей – і кажу гэта памятаючы пра нашу гісторыю збаўлення – існуе для навяртання, каб наша сэрца стала больш вялікадушным, больш шчодрым, больш сэрцам сыноў Божых, больш любячым. Кажу вам, калі гэта жаданне, калі Юбілей не прыйдзе ў кішэні, не будзе сапраўдным Юбілеем! Разумееце? Гэта кажа Біблія, а не выдумаў гэты Папа!”, - сказаў Пантыфік. 

Францішак падкрэсліў, што юбілейны год павінен быў дапамагчы Божаму народу жыць канкрэтным братэрствам, заснаваным на ўзаемнай дапамозе. “Мы можам сказаць, што біблійны юбілей быў “юбілеем міласэрнасці”, таму што перажываўся ў шчырым пошуку карысці для патрабуючага брата”, - дадаў ён. 

Папа заўважыў, што ўсе іншыя структуры і законы Божага народу таксама былі падпарадкаваны гэтай мэце: каб існавала магчымасць адчуць міласэрнасць Бога праз людзей. Многія з гэтых законаў актуальны і сёння. Напрыклад, якія тычыліся ахвяравання “дзесяціны” на карысць святароў, якія не валодалі зямлёй, а таксама бедных, сіротаў і ўдоваў. Іншы закон прадпісваў дзяленне першымі плёнамі ўраджаю са святарамі і чужынцамі, каб таксама і для іх зямля станавілася крыніцай пракармлення. 

“Зямля – мая, а вы – чужынцы і госці ў мяне”, кажа Пан. Мы ўсе госці Пана, у чаканні Нябеснай Айчыны, пакліканыя рабіць гуманным і прыдатным для жыцця свет, які нас прымае. Колькі “першых плёнаў” больш паспяховыя могуць падарыць тым, хто знаходзіцца ў цяжкасцях! “Першыя плёны” – гэта не толькі плады палёў, але ўсе іншыя прадукты працы: заробкі, зберажэнні, многія рэчы, якімі валодаем і якія часам марнуюцца. Гэта здараецца сёння. У Апостальскую элемазінарыю прыходзіць мноства лістоў з невялікай колькасцю грошай і подпісам: “Гэта частка майго заробку на дапамогу іншым”. І гэта цудоўна”, - сказаў Папа. 

Пантыфік падкрэсліў пастаянную актуальнасць слоў Святога Пісання, якія тычацца шчодрага і бескарыслівага дзялення з бліжнімі.  

“Колькі сем’яў знаходзяцца на вуліцы, колькі ахвяраў выкарыстання! Калі ласка, памолімся, каб у гэты Юбілей Пан выкрэсліў з сэрцаў усіх гэта жаданне валодаць больш і больш і жаданне эксплуатаваць. Каб зноў сталі шчодрымі, вялікімі. Колькі сітуацый злоўжыванняў мы вымушаны бачыць і колькі пакут і трывог перажываюць сем’і! Як часта ў сітуацыях адчаю людзі заканчваюць жыццё самагубствам, бо не маюць надзеі, не маюць перад сабой працягнутай рукі, якая ім дапаможа, а толькі руку, якая з’яўляецца, каб прымусіць іх плаціць працэнты. Эксплуатацыя – гэта цяжкі грэх, які ўсклікае да Бога. Пан, аднак, абяцаў сваё благаслаўленне тым, хто раскрые далоні, каб даваць з шчодрасцю”, - нагадаў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што біблійнае пасланне вельмі яснае: яно заклікае адкрыцца на дзяленне і міласэрнасць паміж суграмадзянамі, сем’ямі, народамі і кантынентамі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.