2016-02-10 13:32:00

Пантыфік сустрэўся з іракскім прэм’ерам


10 лютага 2016 г. Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі Хайдара аль-Абадзі, прэм’ер-міністра Ірака. Палітык пазней спаткаўся таксама з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Галахер, сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі. 

Падчас сардэчных размоў гаворка ішла пра добры стан двухбаковых адносін, жыццё Каталіцкага Касцёла ў краіне і становішча хрысціян і этнічных і рэлігійных меншасцяў, якія пражываюць у Іраку, з канкрэтнай спасылкай на важнасць іх прысутнасці і неабходнасць абароны іх правоў, гаворыцца ў заяве Залы Друку Святога Пасаду. 

Асаблівая ўвага была ўдзелена ролі міжрэлігійнага дыялогу і адказнасці рэлігійных супольнасцяў у пашырэнні цярпімасці і міру. У гэтым кантэксце было згадана пра важнасць працэсу прымірэння паміж рознымі сацыяльнымі сектарамі ўнутры краіны. Падчас сустрэч абмяркоўвалася таксама нацыянальная і рэгіянальная гуманітарная сітуацыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.