2016-02-09 17:38:00

Святы Айцец сустрэўся з Місіянерамі міласэрнасці


9 лютага 2016 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Місіянераў міласэрнасці – святароў з розных дыяцэзій свету, якім ён даручыў быць прывелеяванымі сведкамі і абвяшчальнікамі Святога Года, часу сустрэчы з Божай міласэрнасцю. 10 лютага, у Папяльцовую сераду, праз адмысловы абрад, Пантыфік разашле іх па ўсім свеце з адпаведнай місіяй.

Быць Місіянерам міласэрнасці, азначае быць сведкамі блізкасці Бога і Яго спосабу любіць. “Не нашага спосабу, заўсёды абмежаванага і часам супярэчлівага, але Яго спосабу любіць і прабачаць, якім з’яўляецца менавіта міласэрнасць”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў святароў быць, у першую чаргу, сведкамі “мацярынства Касцёла”, асабліва ў кантэксце сакрамэнту споведзі. “Уваходзячы ў канфесіянал, давайце заўсёды памятаць, што гэта Хрыстус нас прымае, Хрыстус выслухоўвае, Хрыстус прабачае, Хрыстус адарае спакоем. Мы – Яго слугі і таму першыя патрабуем Яго прабачэння. Таму, які б грэх не вызнаваўся падчас споведзі, кожны місіянер пакліканы памятаць, што сам з’яўляецца грэшнікам і пакорна станавіцца “каналам” Божай міласэрнасці”, - падкрэсліў Пантыфік. 

Святы Айцец закрануў тэму сораму, які адчуваюць пэнітэнты падыходзячы на канфесіяналу. Папа нагадаў, што першай рэакцыяй сораму Адама і Евы было жаданне схавацца ад Бога. Ён таксама нагадаў гісторыю Ноя, слабасць якога Святое Пісанне прадстаўляе праз вобраз аголенасці, якая аб’явілася, калі ён заснуў будучы п’яным.

Папа падкрэсліў, што ў канфесіянале перад спаведнікомі людзі таксама прадстаюць “аголенымі”, адкрываючы свае слабасці і абмежаванні, з сорамам ад таго, што з’яўляюцца грэшнікамі. “Не будзем забывацца, што перад намі знаходзіцца не грэх, але грэшнік, які каецца. Асоба, якая адчувае жаданне быць прынятай і прабачанай”, - сказаў ён.

Пантыфік заклікаў браць прыклад з сыноў Ноя, якія накрылі свайго бацьку заслонай, каб вярнуць яму страчаную годнасць. “Быць спаведніком паводле сэрца Хрыста, азначае накрываць грэшніка заслонай міласэрнасці, каб больш не саромеўся і мог аднавіць у сабе радасць сваёй сыноўскай годнасці”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.