2016-02-09 14:34:00

Прапаведнік Папскага дома пра пашану да рэліквій святых


Ватыкан прымае рэліквіі святых айца Піо і Леапольда Мандзіча. Як адзначыў айцец Раньера Канталамеса, прапаведнік Папскага дома і субрат святых капуцынаў, гэтыя дні для Рыму з’яўляюцца прыгожым сведчаннем пабожнасці. На яго думку, не трэба турбавацца галасамі крытыкі такой формы рэлігійнасці – аддання пашаны рэліквіям святых – якія часам з’яўляюцца, абвінавачваючы католікаў у “сярэднявеччы”.

“Калі вяртаецца сярэднявечча, то можа і сам св. Францішак. А хто сёння не хацеў бы сустрэцца з ім?!”, - сказаў законнік у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Паводле яго, “сярэднявечча”, гэта ўвогуле тэрмін неадназначны, ён таксама мае свае выдатныя аспекты. 

Відавочна, што мэтай так званай “народнай рэлігійнасці” не з’яўляецца задавальненне патрэбаў людзей з вытанчаным густам, навукоўцаў, селебрыці. Але пагарда да таго, што любіць просты народ, гэта абразліва. На кожным кроку ўсе звяртаюцца да народа, да грамадскасці, а калі людзі за нешта выказваюцца, як ў гэтым выпадку, мы раптам чуем, што гэта сярэднявечча, заўважыў прапаведнік Папскага дома. Ён назваў гэта фанабэрыстасцю, але прызнаў, што “народная рэлігійнасць” мае патрэбу ў адпаведным фарміраванні. “Я глыбока перакананы, што ў гэтай пабожнасці заўсёды прысутнічае дотык трансцэндэнтнасці”, - сказаў законнік.








All the contents on this site are copyrighted ©.