2016-02-09 15:08:00

Папскія кансультанты абмеркавалі “здаровую дэцэнтралізацыю”


Сустрэча Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам 9 лютага 2016 г. завяршыла сваё чарговае двухдзённае пасяджэнне ў Ватыкане. На ім прысутнічаў папа Францішак. Галоўнай тэмай стала развіццё “калегіяльнасці” у Касцёле са спасылкай на “неабходнасць дзейнічаць у здаровай дэцэнтралізацыі”. Менавіта гэта, на думку кансультатыўнага органу, “з’яўляецца важным арыенцірам для рэфармавання працы Рымскай курыі”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні.

Падчас сустрэчы адбылося “фінальнае” абмеркаванне прапановы заснавання двух новых ватыканскіх дыкастэрый. Першая павінна заняцца пытаннямі свецкіх вернікаў і сямейнага жыцця, а другая – справядлівасці і міру, а таксама міграцыі. Прапановы былі канчаткова распрацаваны і ўручаны Святому Айцу для прыняцця канчатковага рашэння. 

Як паведаміў кс. Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, на спецыяльным брыфінгу, прысвечаным вынікам пасяджэння, гаворка на ім ішла і аб двух іншых ватыканскіх “ведамствах”: Дзяржаўным сакратарыяце і Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. Кардыналы прадставілі свае меркаванні і прапановы адносна паляпшэння іх працы.

Кардынал Шон О’Мэлі паведаміў аб дзейнасці Камісіі па абароне непаўналетніх, кіраўніком якой ён з’яўляецца, а кардынал Пэл, прэфект Сакратарыяту па эканамічных пытаннях – аб ажыццяўленні ватыканскіх рэформ у галіне эканомікі і фінансаў.

Рада кардыналаў атрымала таксама дакументацыю па падрыхтоцы і ажыццяўленні Трыбуналам Рымскай Роты рэформы кананічнага працэсу па сапраўднасці сужэнства.








All the contents on this site are copyrighted ©.